• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ананіч – пра эфектыўнасць папярэджанняў, Бастунец – пра непатрэбнасць Мінінфармацыі

    “Мы лічым неабгрунтаваным пункт гледжання апанентаў наконт таго, што папярэджанне Міністэрства інфармацыі – гэта ўмяшальніцтва ў рэдакцыйную палітыку. Гэта не ўмяшальніцтва, а выкананне заканадаўства”.

    Такое меркаванне выказала міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч у часе анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА “Медыяасяродак Беларусі ў новых умовах”.

    Яна прыгадала вынясенне пісьмовых папярэджанняў сайтам nn.by і ej.by у пачатку сакавіка: “Эфектыўнасць гэтага захаду відавочная – літаральна ў дзень атрымання папярэджанняў інтэрнэт-рэсурсы ліквідавалі правапарушэнні». 

    “Ёсць бок, які павінен выконваць заканадаўства аб СМІ, і ёсць права Міністэрства інфармацыі на вынясенне папярэджанняў”, – лічыць спн. Ананіч.   

    Старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец акурат гэткі падыход лічыць заганным.  

    “Я пра гэта казаў і на “Клубе рэдактараў”, што наогул не справа Міністэрства інфармацыі – выступаць “арбітрам” у інфармацыйных спрэчках, – зазначыў у гутарцы з прэс-службай ГА “БАЖ” старшыня арганізацыі. – Міністр кажа, што да іх са скаргамі звяртаюца дзяржаўныя органы, грамадзяне, прадпрыемствы, а міністэрства вырашае, прымяніць санкцыю да СМІ ці не. Фактычна, тым самым яно бярэ на сябе і ролю суда, і ролю выканаўцы, прычым нават не звяртаючыся да другога боку – СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў. Тыя постфактум даведваюцца, што ў дачыненні да іх ужытыя тыя ці іншыя захады. Адпаведным Канстытуцыі парадкам быў бы судовы разгляд інфармацыйных спрэчак, дзе бакі знаходзіліся б у роўных умовах. А Міністэрства інфармацыі з такімі паўнамоцтвамі наогул не павінна існаваць у дэмакратычнай дзяржаве”.  

    У цэлым тэме кантролю дзяржавы над інтэрнэтам надавалася даволі шмат увагі ў часе анлайн-канферэнцыі Ліліі Ананіч:  

    “Мы старанна аналізуем інфармацыйную прастору, і самы галоўны крытэр актуальнасці прынятых рашэнняў па рэгуляванні інтэрнэт-прасторы – гэта звароты грамадзян і арганізацый. За мінулы год паступіла больш за 300 такіх зваротаў па тэме інтэрнэту…

    Звяртаюцца прадпрыемствы, арганізацыі, калі паказваюць нават на факты нядобрасумленнай канкурэнцыі паміж кампаніямі і прыводзяць факты скажэння інфармацыі аб той ці іншай кампаніі. Звяртаюцца таксама органы дзяржкіравання, калі ідзе скажэнне факталагічнай інфармацыі.

    У гэтым кантэксце ў Міністэрства інфармацыі ёсць дакладны алгарытм дзеянняў, і лічу, што дзякуючы закону аб СМІ зроблены чарговы крок па нарошчванні прававой культуры ў гэтай сферы…

    Інтэрнэт-рэсурсы адрозніваюцца ад традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі тым, што там утрымліваюцца не толькі журналісцкія матэрыялы, але публікуюцца і каментары карыстальнікаў. У дачыненні да традыцыйных СМІ папярэджанні і іншыя меры ўздзеяння, прадугледжаныя заканадаўствам, эфектыўныя. Як правіла, дастаткова аднаго папярэджання. Праўда, быў выпадак, калі выданне, якое спецыялізуецца на крымінальнай тэматыцы, атрымала другое папярэджанне за публікацыі, якія абражаюць гонар і годнасць. Думаю, што калі і гэты ўрок не будзе ўспрыняты рэдакцыяй, то будзем больш пільна разглядаць дзейнасць гэтага СМІ…”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці