• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст з Нагорнага Карабаха: Пасля затрымання Лапшына да нас прыехалі блогеры з 11 краін свету!

    Як непрызнанасць рэспублікі ўплывае на журналістыку і журналістаў? Дзе працаваць, калі работы няма? Дзе апублікаваць крытычны матэрыял? На гэтыя пытанні адказвае старшыня саюза журналістаў Арцаха (Нагорна-Карабахскай Рэспублікі) Кім Габрыелян.

    — Шмат у якіх пастсавецкіх краінах пасля развалу СССР і ранейшы Саюз журналістаў застаўся, і з’явілася новая журналісцкая арганізацыя. Саюз журналістаў Арцаха што з сябе ўяўляе?

    — Наш Саюз журналістаў быў створаны ў 2001 годзе і называць яго пераемнікам Савецкага Саюза не выпадае, але па сутнасці — ён такі ж, якой была мясцовая журналісцкая арганізацыя ў савецкія часы. Але наша рэчаіснасць цяпер іншая. Параленьна ў Арцаху існавала яшчэ адна журналісцкая арганізацыя “Сцепанакертцкі прэс-клуб”, але цяпер ён не працуе — старшыня з’ехаў у Ерэван. У нашай арганізацыі 87 журналістаў.

    — Што вы маеце на ўвазе пад іншай рэчаіснасцю — незалежнасць?

    — Непрызнанасць Карабаха. Калі не прызнаюць рэспубліку, то не прызнаюць і існуючыя там арганізацыі. Адпаведна, мы не можам браць удзел у міжнародных журналісцкіх праектах, атрымліваць гранты і гэтак далей. Той жа “Сцепанакертскі прэс-клуб” лічыўся філіялам “Ерэванскага прэс-клуба” і такую магчымасць супрацы з міжнароднымі арганізацыямі меў. Мы — структура выключна мясцовая і таму не прызнаныя, як і наша рэспубліка.

    А яшчэ не трэба забываць, што наша рэспубліка жыве ва ўмовах вайны. Яна не аб’яўленая, але баявыя дзеянні ў нас адбываюцца рэгулярна.

    Усё разам цягне за сабой фінансавыя складанасці. Да прыкладу, мы колькі гадоў заснавалі сваю журналісцкую прэмію. Там былі розныя катэгорыі: “Лепшы малады журналіст”, “Лепшы палітычны агляд”, “Лепшы эканамічны матэрыял” — у розныя гады былі розныя намінацыі. Цягам года мы адсочвалі публікацыі ва ўсіх СМІ, а затым праводзілі ўзнагароджанне. Гэта была грамата і невялікае грашовае заахвочванне. Але апошнія некалькі гадоў прэмію не ўручаем, бо няма сродкаў. Мы — структура грамадская, усё робім на грамадскіх пачатках.

    — Няўжо прычына толькі ў адсутнасці сродкаў? Мяркую, і без грашовай узнагароды прызнанне калег важнае.

    — У складзе арганізацыі 87 журналістаў, але палова з іх з‑за ўзросту не працуюць. І СМІ ў нас не так шмат: адзін тэлеканал грамадскага тэлебачання — працуе 4 гадзіны ў суткі, грамадскае радыё — таксама працуе 4 гадзіны ў суткі, адна рэспубліканская газета, што выходзіць тройчы на тыдзень. Ёсць ведамасныя і партыйныя газеты. Была адна цікавая інтэрнэт-газета, але пэўны час таму закрылася — рэдактар пераехаў у Ерэван і праект перастаў існаваць. Як бачыце, асабліва для журналістаў працы ў нас няма. Таму нехта памяняў прафесію, нехта з журналістаў пайшоў служыць у войска. Большасць журналістаў працуюць у прэс-службах — арміі, паліцыі і гэтак далей. Да прыкладу, я ўзначальваю прэс-службу Генпракуратуры. Праца ў дзяржаўных структурах гарантуе стабільную працу і заробак. Але, пагадзіцеся, праца ў ведамаснай ці партыйнай газеце — гэта ўсё ж не журналістыка.

    Асобная катэгорыя — нашы журналісты, якія працуюць для армянскіх ці расійскіх СМІ. Я 14 гадоў супрацоўнічаў з адной армянскай газетай, даволі папулярнай па нашых мерках, але апошнія тры гады спыніў супрацу. Прычына банальная — вельмі шмат пішаш і вельмі мала атрымліваеш. Гэта прыводзіць да таго, што журналісты, якія ўжо шмат гадоў адпрацавалі, зрабілі сабе імя ў прафесіі, вымушаныя былі перайсці на іншую працу, з журналістыкай не звязаную.

    — Я так разумею, найпершая праблема — у непрызнанасці рэспублікі?

    — Так, гэта моцна ўплывае на стан прафесіі. Вы ж разумееце: чым больш актыўнае ў краіне палітычнае жыццё, тым больш актыўнае і жыццё журналісцкае. А дадайце сюды той факт, што мы пастаянна жывём у стане, прыбліжаным да ваеннага. Вайны нібыта і няма, але пастаянна ўзнікаюць нейкія канфлікты, некага то паранілі то забілі. І так з 1991 года. Некалі мы служылі, а цяпер у арміі служаць нашы дзеці і ўнукі. Мы ўжо столькі часу жывём у гэтай напрузе — пакаленне цэлае за гэты час вырасла. Адпаведна, мы самі добра ўсведамляем, што не пра ўсё можна пісаць.

    Дарэчы, адзін факт, які вас можа моцна здзівіць — за 25 гадоў у нас толькі адзін раз судзілі журналіста. Далі ўмоўны тэрмін. І то, там было непаразуменне паміж журналістам і тагачасным прэм’ер-міністарм. У нас няма пераследу журналістаў. І гэта не таму, што ў нас улада так ўжо журналістаў любіць — не. Усё прасцей — а дзе пісаць? Няма дзе. Няма такіх СМІ, дзе можна крытыкаваць.

    — Дык у вас ўвогуле не бывае крытычных матэрыялаў?!

    — Крытыка бывае, але… Вось, былі ў нас некалі дзве сапраўдны апазіцыйныя газеты “Дзясятая правінцыя” і “Дэмо”. Яны выдаваліся пад эгідай “Прэс-клуба”, праз яго атрымлівалі фінансаванне ад Фонда Сораса. Шкада, добрыя былі газеты, цікавыя. Мы хацелі, каб яны працягвалі працаваць, каб была крытыка, цікавіліся прычынай іх закрыцця, але кіраўнік “Прэс-клуба” ўхіліўся ад тлумачэння прычын, чаму закрылі. Сказаў толькі: “Так трэба было”. Думаю, фінансаванне спынілася…

    — Але гэта не тлумачэнне таго, чаму ў іншых, мясцовых СМІ практычна няма крытычных матэрыялаў.

    — Ведаеце, калі табе столькі годаў пагражае знешні вораг, то перад усім народам стаіць іншая задача. Яна кансалідуе і ў такіх умовах практычна немагчыма стаць апазіцыянерам. Не, крытыка бывае, я сам часам пішу крытычныя матэрыялы. Але я крытыкую не агульную дзяржаўную структуру, а асобныя дэталі. Бо яны (чыноўнікі) таксама не вінаватыя, што так вось яно ўсё працуе. Калі б мы (Арцах) былі чальцамі нейкіх еўрапейскіх ці хаця б СНГоўскіх структур, то ў нас былі б пэўныя абавязкі. А так — ніякіх абавязкаў у нас няма. Не, мы не жывём па-за законам. У нас і Канстытуцыя прынятая, якая адпавядае міжнародным стандартам, і іншыя законы. Але ж закон існуе для таго, каб яго часам парушаць. І пра такіх парушальнікаў мы пішам. А так у крытыцы нават няма неабходнасці.

    — У здаровай і абгрунтаванай крытыцы заўжды ёсць неабходнасць…

    — У тым плане няма неабходнасці, што ўсе занятыя супрадзеяннем Азербайджану. Усе сродкі скіраваныя туды. Мы не можам распыляцца на ўнутраныя разборкі. Таму ў нас і ў парламенце так жа — хоць там і 6 партый, але лічы, што гэта адна партыя з рознымі назвамі, разнагалоссяў паміж імі практычна няма ні па якіх пытаннях. У рэспубліцы ёсць адна апазіцыйная партыя, але ў парламенце яе прадстаўляе толькі адзін дэпутат. Адпаведна, ён адзін супраць астатніх 32 дэпутатаў нічога зрабіць не можа. А калі няма моцнай палітычнай апазіцыі, то і мы апазіцыйнымі стаць не можам. Ні журналісты, ні грамадскія арганізацыі.

    Прыклад: у нас каля 200 грамадскіх арганізацый. І калі пачалася чатырохдзённая вайна (сакавік 2016 года), то ўсе яны як адна праявілі звышактыўнасць — дамагалі як і чым маглі. Але калі справа тычыцца палітыкі, то ніякай актыўнасці не выяўляе ніводная. Каб праграму ўладаў пакрытыкаваць ці яшчэ што.

    — І усё адно я не разумею імкнення журналістаў свядома абыходзіць вострыя тэмы…

    — Сэнсу няма. Калі ёсць агульны вораг, калі матэрыяльныя, і маральныя, і духоўныя сродкі скіраваныя на барацьбу з гэтым ворагам, то такая апазіцыйнасць, крытыка ўлады выглядае нават амаральнай. Ды, і супраць чаго выступаць?

    — Вазьму за прыклад Беларусь: можна выступаць супраць нязменнасці ўлады…

    — Каб не вельмі паглыбляцца, адкажу проста: улада фарміруецца не тут, таму ўплываць на гэты працэс мы не можам. З  іншага боку — у нас нядрэнны прэзідэнт, яго любяць. Ён заўжды пешкам ходзіць на працу, сустрэнеш на вуліцы — пагаварыць можна запраста. У нас маленькая краіна — усе ведаюць адзін аднаго. Ну і яшчэ, для нас няма розніцы, хто прэзідэнт — для нас галоўнае, вырашаць пытанні. Я супраць нязменнасці ўлады. Але, па вялікім рахунку, якая мне розніца, хто ў нас прэзідэнт, каго паставіць Ерэван тут кіраваць, калі наша пытанне (прызнання і вяртанне тэрыторый) не вырашанае? Добра ўжо тое, што дзеючы прэзідэнт — мясцовы, ведае нашы рэаліі і заўжды гатовы выслухаць нас, патрапіць да яго на прыём можа кожны.

    — У пытанні ўлады так усё завязана на Ерэван?

    — А як інакш, калі да 80 % нашага бюджэту (калі не больш) фармуецца за кошт дапамогі з Арменіі? З‑за непрызнанасці мы не можам свабодна з іншымі краінамі гандляваць, сюды не ідуць замежныя інвестары. Таму я і кажу, якая розніца, хто зараз ва ўладзе. Так, ёсць некалькі годных кандыдатаў у прэзідэнты. Але што зменіцца, калі замест аднаго будзе іншы?

    Мы не можам сказаць, што тыя, хто зараз ва ўладзе — ворагі народа. Можа, яны троху і крадуць, але крадуць усе! Савецкае мысленне яшчэ жыве ў нас.

    — Вам становяцца вядомыя факты карупцыі нейкага чыноўніка: ці магчыма правесці журналісцкае расследаванне, а ці зможаце вы апублікаваць сабраныя факты?

    — Калі толькі ў сацыяльных сетках. Іншая справа — у выяўленні саміх фактаў карупцыі. Не падумайце, што я нейкі там праўладны, але ў нас цяпер няма карупцыі. Раней, да 2007 года, усе былі карумпаваныя. Супрацоўнік ДАІ спыніць ні за што, і ты мусіў плаціць. Зараз ён баіцца нейкі хабар браць. Тое ж і ў судзе, і ў пракуратуры. Прычына простая — усе баяцца згубіць працу. Заробкі ім моцна паднялі — атрымліваюць больш за тысячу долараў, у той жа час мінімальны заробак каля 120 долараў. Хто хоча згубіць пры такой розніцы добрую працу? І тут проста: калі мне стане вядомы нейкі факт хабарніцтва ці карупцыі, то я проста напішу пра гэта ў сваім Face­book, мой допіс перадрукуюць усе армянскія СМІ і праз дзень гэты чалавек будзе беспрацоўным.

    — А ў вас праблем не будзе? Раптам у гэтага чыноўніка сваяк у Генпракуратуры працуе, і яго папросяць па-свойску пакараць пісаку?

    — Не зможа нічога мне зрабіць. У 2015 годзе мы з сынам задумалі адкрыць свой тэлеканал. Але старшыня камісіі, які выдае ліцэнзію на вяшчанне, запатрабаваў ад майго сына за ліцэнзію хабар. Мы з сынам пра гэта ў сацсетках расказалі. Мяне запрасіў да сябе прэзідэнт, спытаў, ці ёсць доказы патрабавання хабару? Ну, якія доказы, толькі размова, якую я не запісаў нават. Таму справу не заводзілі, але чыноўніка таго з пасады знялі. Гэта можна лічыць расследаваннем?

    — Ну, не зусім…

    — Па праўдзе, правесці сапраўнае журналісцкае расследаванне ў нас няма магчымасці. Найперш таму, што атрымаць неабходную інфармацыю з нейкіх ведамстваў вельмі складана, яны вельмі закрытыя. Цябе не пашлюць, але не дадуць патрэбную інфармацыю, дадуць адпіску.

    — Як я зразумеў, вялікую ролю адыгрывае і самацэнзура?

    — Зразумейце нашу сітуацыю: як толькі ў мясцовых СМІ і нават у сацсетках з’явіцца крытыка чыноўніка, рашэнняў ўлады ці што яшчэ, то гэта адразу падхопяць азербайджанскія СМІ. І не толькі перадрукуюць наша, але і дададуць столькі і такога свайго, што наступны раз падумаеш: “А ці варта гэта апублічваць?” І замест таго, каб пра нешта такое пісаць, звяртаешся наўпрост да чыноўніка.

    У мяне такое не раз было: ішоў да чыноўніка і казаў: “Гэта ты робіш няправільна. Калі не выправіш — напішу, і гэта з’явіцца ва ўсіх армянскіх газетах”. І памылкі выпраўлялі. Што больш важна: напісаць ці каб памылка была выпраўленая? Мне падаецца, другое. Таму і можа скласціся ўражанне, што журналісты ў нас тут інэртныя, а журналістыка слабая. Ёсць добрыя журналісты, таленавітыя. Іншая справа — стымул. Глядзіце: наша рэспубліканская газета на пачатку 1990‑х гадоў выходзіла амаль штодня накладам 100 тысяч асобнікаў. Цяпер 620 штук выдаецца тры разы на тыдзень. Гэта ўжо нават не рэспубліканская газета! А што такое 4 гадзіны вяшчання ў суткі для тэлебачання ці радыё? Прычым, нават свайго канала няма: адключаюць армянскае грамадскае тэлебачанне і 4 гадзіны ідуць мясцовыя праграмы. Тое ж і з радыё.

    У нас ёсць 7 ці 8 сваіх FM-станцый, але гэта звычайныя музычна-забаўляльныя станцыі, журналістыкі там няма. Яны нават блокі навін не ўстаўляюць паміж песнямі, бо, кажуць, не маюць сродкаў на ўтрыманне дадатковага чалавека для гэтага. Прычына зразумелая — існуюць яны за кошт рэкламы, а колькі той рэкламы можа быць у непрызнанай краіне, дзе свой бізнес з‑за гэтай непрызнанасці развіваецца слаба, а замежных інвестараў няма?

    — Як спецыяльнасць журналістыку ў вас выкладаюць?

    — Так. Ёсць адпаведная спецыяльнасць ва ўніверсітэце. Дакладней, аддзел журналістыкі на агульналітаратурнай кафедры. Штогод каля 10 маладых журналістаў выпускаюцца. Але ім няма дзе працаваць. Аддзел журналістыкі на кафедры існуе 17 гадоў. За гэты час адукацыю журналіста атрымалі каля 280 чалавек. А дзе ім працаваць? Сёння нават 20 новых журналістаў не знойдуць сабе працы ў Арцаху.

    — І так кажуць, што журналістыка памірае, на змену прыходзяць блогеры, а ў вас сітуацыя яшчэ горшая…

    — Сітуацыя сапраўды складаная. Семінары праводзіць і тое вельмі складана — апроч армянскіх калег мала хто да нас даязджае. У нас няма партнёрскіх сувязяў на афіцыйным узроўні ні з адной журналісцкай арганізацыяй. Нават арганізацыі, да прыкладу, з Беларусі і Расіі не хочуць з намі мець стасункаў, каб не мець непаразуменняў з Азербайджанам. Ён можа шмат непатрэбных нікому праблем такім арганізацыям стварыць.

    Што да блогераў… Пасля затрымання Лапшына да нас прыехалі блогеры з 11 краін свету. Семінар тут у нас быў, яны, апрануўшы каскі і бронекамізэлькі, на перадавую ездзілі. А я пасля ім кажу: “Шкада, што вы не журналісты”. А яны мне: “Мы ўсе журналісты, але цяпер сталі блогерамі”.

    У апошні час у блогасферу лезуць непрафесіяналы, а гэта дрэнна ўплывае і на журналістыку, і на блогерства. Сапраўдная ж журналістыка не памрэ. Сёння ўсе маюць доступ у інтэрнэт, але той жа The Wash­ing­ton Post па-ранейшаму мільённымі накладамі выдаецца. Гэта азначае, што сапраўдная журналістыка жыве і будзе жыць.

    Блогер Лапшын: «У Баку мяне хацелі забіць, але ў Менску было горш»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці