• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дызайнерка Караліна Палякова: «Краіна ператварыліся ў месца палітзняволенных, таму вырашыла назваць прынт «Горад Палітвязняў»

    Калажы касмічнага Мінска і цішоткі Караліны Паляковай вы дакладна бачылі. Рэчы мастачкі носяць многія беларускія зоркі. «Да такога ажыятажу не была падрыхтаваная», — прызнаецца яна. Караліна расказала «Нашай Ніве» пра самы папулярны прынт, працу з Міхалком, разлік з «мадэлямі» глогам, прывычку быць самотнай і сваю філасофію.

    «Хрыбтом адчуваю, як трэба наладзіць кампазіцыю»

    Захапляцца фатаграфіяй Караліна Палякова стала яшчэ ў дзяцінстве, таму ў апошнім класе дзяўчыне набылі вялікі лічбавы фотаапарат. Фатаграфія для яе перш за ўсё — гэта лёгкі спосаб атрымаць асалоду ад жыцця. 

    Свой першы здымак, які трапіў у СМІ, дзяўчына зрабіла ў школе. Яна здымала канцэрт «Ляпісаў» у Лідзе. 

    «Надрукавалі яго ў мясцовай газеце, — успамінае Караліна. — Пасля ўжо, калі прайшло шмат гадоў, я пазнаёміліся з Сяргеем Міхалком і мая праца звязалася з гэтым чалавекам».

    Вучылася фатографка ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. Яго, як і лінгвістычны, у які паступала ў Мінску пасля вяртання з Літвы, Караліна не скончыла і не шкадуе пра гэта. 

    «Прашу прабачэння». З‑за скандалу Мікіта Мелказёраў мяняе назву свайго новага гістарычнага праекта

    «Чалавек у 17 гадоў не здольны абраць сабе будучыню, — тлумачыць яна. — На першым курсе ў ЕГУ я зразумела, што не адчуваю водгуку. Падавалася, што мае бацькі спускаюць грошы на тое, у чым я не зацікаўленая. Падумала, што калі хаджу ва ўніверсітэт, каб навучацца і пасля зарабляць грошы, то, мабыць, мне трэба адразу пайсці працаваць. Дарэчы, у ЕГУ нам паўтаралі, што галоўнае — самаадукацыя. І я падумала, што калі так, то я буду займацца самаадукацыяй». 

    Спачатку Караліна фатаграфавала ў асноўным людзей — ад фота на пашпарт да вясельных дыскатэк, з часам пераключылася на гарадскія і прыродныя краявіды. Яна вандравала па Беларусі і здымала тое, што не кожны мінчук пабачыць.

    «Але мне падалося, што гэта неяк сумна, не разумела, што далей рабіць са здымкамі. Пытанне «ну і што?» можа шмат чаго зруйнаваць. Пачала будаваць гарадскую перспектыву, рабіць іншы выгляд горада. І вось у выніку прыйшла да лічбавага калажу, які падобны да фотаздымку», — расказвае яна. 

    У калажах Караліны стала прысутнічае тэма космасу. Чаму? 

    «У нас ёсць гравітацыя, але ўсё адно мы перасоўваемся па зямлі, якая знаходзіцца ў галактыцы. Пра гэта варта памятаць. Космас — гэта не нешта завоблачнае, мы ўжо з’яўляемся часткай яго», — тлумачыць фатографка. 

    Стварэнне калажоў для дзяўчыны — медытатыўная практыка. 

    «Хрыбтом адчуваю, як трэба наладзіць кампазіцыю, — расказвае Караліна. — І калі мастацтва ўжо апублікаванае, людзі самі пачынаюць накідваць нейкія сэнсы, мне гэта вельмі падабаецца. Мы ўсе схільныя да таго, каб настальгіраваць. Але гэта чапляе людзей, бо гэта дамы, у якіх яны жылі, ці падобныя да родных месцы. 

    Быў момант, калі я толькі пачала рабіць калажы і хтосьці таксама стаў імі займацца. І я спачатку неяк засмуцілася, а пасля думаю, што я ж не магу ўзяць манаполію на гэты від творчасці. Я натхніла чалавека рабіць нешта падобнае. 

    У такой працы я застаюся шчырай. І ўвогуле будзе крута, калі шчырасць не стане выходзіць з моды, застанецца стылем. Варта знаходзіць аднадумцаў, каб разам нешта ствараць. Калі вакол шмат людзей, з якімі ёсць кантакт, гэта можа аказацца глебай, што падтрымлівае. Важна спаборнічаць толькі з самой сабой. У беларускай тэме ўвогуле, лічу, няма сэнсу канкураваць з кімсьці, бо ў нас не вялікая індустрыя. Лепш трымацца ўсім разам».

    «Мінск я палюбіла вымушана»

    Сама Караліна з Ліды. Пераехала ў Мінск у 2012‑м. Горад дзяўчыне тады зусім не спадабаўся — «вялікі і з шэрымі будынкамі».

    «У заходняй часткі Беларусі зусім іншая гісторыя. Мінск выглядаў для мяне чужым, бо любіла ездзіць у Гродна, Вільню, Варшаву. Можна было выехаць за мяжу, там штосьці творчае зладзіць», — кажа яна.

    Якія культурныя рэчы хацела б бачыць у Мінску Караліна?

    «Больш увагі да Марка Шагала і іншых культурных і навуковых людзей, не стрымліваць беларускую мову і «выпусціць» раку Нямігу з‑пад зямлі, каб па вуліцы Няміга цякла рака Няміга. І самае галоўнае — вярнуць Крыж Еўфрасінні Полацкай. А замест білбордаў з надпісамі «Не трэба курыць у ложку» варта, каб было нешта пра людзей, каб яны ўсміхаліся, разнявольваліся», — разважае яна.

    «З боку Сяргея Міхалка да мяне заўсёды быў давер»

    З’ехала з Беларусі Караліна ў верасні 2020-га. Тады Сяргей Міхалок паклікаў яе ў Кіеў здымаць відэа для гурта. 

    «У мяне ёсць такая добрая любоў да Сяргея Міхалка. Мне прыемна, што ён увогуле да мяне звярнуўся, яму спадабалася, што я раблю. З яго боку да мяне быў заўжды давер. Рабіла для яго відэакліпы, відэарады на канцэрты. Пра працу ніколі з ім не спрачаліся, яму часцяком усё падабалася. Кліп «Эдэльвейс» атрымаўся трошкі кічавым. Але я дазваляла сабе такое рабіць, у Сяргея Міхалка публіка не моладзевая. 

    У мяне ўвогуле і з РСП, і з Shu­ma нармалёвы кантакт атрымаўся. Па здымках я сумую, хацелася іх больш, бо гэта такі прышпільны сямейны працэс», — расказвае яна.

    Ва Украіне дзяўчына пражыла паўгода, а пасля перабралася ў Польшчу, у Варшаву. 

    «Не памятаю, ці разумела я, што больш не вярнуся, але думаю, што так. Сям’я не асуджае за такі ўчынак, і гэта для іх цалкам зразумела. Але, канечне, я сумую. Апошні раз была ў Лідзе перад ад’ездам, спецыяльна заехала дадому. 

    У Кіеве ў мяне былі сябры, там можна было на нейкую «падушку» прызямліцца. З Русяй мы шмат займаліся музыкай, праектамі, падтрымлівалі адна адну. І я зразумела, што людзям патрэбныя людзі. 

    Пэўны час мне трэба было недзе пажыць у Кіеве, і мяне ўзялі да сябе знаёмыя ўкраінкі, у іх я арандавала пакой. Пасля таго, як выбухнула вайна, прыняла іх у Варшаве, казалі, што толькі тады зразумелі мае пачуцці, калі апынуліся ў падобнай, але, безумоўна, больш нялёгкай сітуацыі. Пачалі прычытаць, што не трэба было браць з мяне грошы за арэнду.

    А я зразумела, што абодва гэтыя выпадкі былі ўзмацненнем нашых стасункаў. Відавочна, людзі здольныя лепш разумець досвед другога, апынуўшыся ў падобных акалічнасцях, сумна, што мы сутыкнуліся з такім стрэсам, але добра, што пабудавалі добрае сяброўства».

    Пасля пачатку вайны Караліна разам з іншымі беларусамі стала валанцёркай на польскай мяжы. Гэта стала для яе цяжкім досведам. І каб хоць неяк маніфеставаць жыццё, яна, калі вярталася дадому, перасаджвала кветкі.

    «Ты нешта актыўна робіш там на мяжы, але не разумееш, ці дапамагае гэта хоць неяк спыніць катастрофу. А з кветкамі адразу бачыш вынік сваёй працы. Колькі ты ўкладаеш у іх — столькі і атрымліваеш. Такая маленькая справа дапамагае мне разумець, што жыццё ідзе. 

    Аднойчы я забрала драцэну са сметніцы. Праходзіла міма і падумала, што не магу яе кінуць. Яна яшчэ была вельмі тонкая, а цяпер ужо ў мяне разраслася, і я вельмі задаволеная», — расказвае фатографка, што ёй дапамагае.

    «Пасля 30 год у мяне з’явілася зацікаўленасць ва ўласных дзецях»

    Сваёй сям’і ў Караліны няма. Яна звыклася жыць адна за час эміграцыі. Ёй гэта падабаецца, бо занадта высокая прывязанасць да іншага чалавека яе пужае. 

    «Ёсць тыя, хто прывык быць у стасунках, каб на кагосьці абапірацца, а ёсць тыя, хто прывык быць самотным. І гэта прышпільна, калі разумееш, што сама сябе можаш падтрымаць, забяспечыць. Але, канечне, адвыкаць ад такога складана, дазволіць камусьці клапаціцца пра цябе.

    Гэта не тое, каб праблема, — такая асаблівасць. Праз гэтую самастойнасць будуецца шкарлупіна, праз якую трэба прабрацца.

    Мне падабаецца жыць адной. Толькі калі ў мяне нешта ламаецца ў кватэры, я думаю, што не хачу сама з гэтым разбірацца, вось бы хто за мяне гэта вырашыў. Неяк чула, як нехта казаў: «Як добра, калі мяне нехта дома чакае». Я пра гэта падумала і прыйшла да высновы, што я сама сябе дома чакаю, калі я ўжо туды прыйду», — расказвае яна. 

    Раней Караліна лічыла, што нараджаць дзяцей яна не хоча. Ёй падавалася, што свет занадта жорсткі, каб без дазволу малога пускаць яго ў гэты сусвет. Але цяпер дзяўчына змяніла меркаванне — прыкладна праз два гады яна гатовая будаваць сваю ўласную сям’ю.

    «Пасля 30 год я стала адчуваць, што ёсць у мяне ў гэтым нейкая зацікаўленасць. Гіпатэтычна я хацела б дачку. Мне падаецца, што ў хлопцаў менш інстынкту самазахавання. Памятаю, што калі я ў дзяцінстве каталася на скейтбордзе, досыць асцярожна да гэтага падыходзіла. А хлопцы з разгону скакалі на іх, але, як вядома, людзі розныя без прывязкі да гендару», — дзеліцца Караліна. 

    «Спачатку лічыла, што людзі не захочуць насіць на сабе такое слова, будуць забабоннымі»

    Пазнавальныя цішоткі з надпісам «Бессмертен» (спачатку яны былі на рускай мове) Караліна прыдумала, калі ўглядалася ў выраз на дамах на плошчы Перамогі — «Подвиг народа бессмертен». Пасля дзяўчына зрабіла і фемінісцкае выказванне — «Несмяротна». 

    Сама плошча Перамогі ў Караліны асацыюецца з месцам абрадаў.

    «Падумала пра гэты надпіс: калі подзвіг народа бессмяротны, то гэта пра калектыўнае, а калі «бессмертен» на адным чалавеку — пра індывідуальнае. І гэта ўжо зусім іншая размова пра камуністычную спадчыну. 

    Мяне заўсёды вырубала, што пра Беларусь у Еўропе, у ЗША кажуць як пра калыску Савецкага Саюза. Я думала: што за халера, мы тут такія маладыя жывём з інтэрнэтам у еўрапейскай сталіцы, вандруем, у нас ужо талоны можна прабіваць праз электронны апарат, а не кампосцер. Але калі паглядзець на горад, то ў архітэктуры сапраўды шмат савецкай спадчыны, якую я спрабую пераасэнсоўваць з улікам сучаснасці».

    Фатографка разлічвала, што тыраж цішотак будзе малы, нават лімітаваны. Але попыт на рэчы стаў расці.

    «Спачатку лічыла, што людзі не захочуць насіць на сабе такое слова, будуць забабоннымі ў гэтым сэнсе, — кажа яна. — Такія ёсць, і гэта зразумела, бо надпіс кажа пра смерць і бяссмерце, гэта не простая тэма, але хапае тых, каму адгукаецца. Зрабіла потым версію на лацінцы, бо бачна, што яна знішчаецца. 

    Да ажыятажу не была нават падрыхтаваная. Але я яму дала рады».

    Караліна разам з камандай праекта politzek.me выпусціла мерч «Горад палітзняволеных» з пераасэнсаваннем культавых мінскіх мазаік беларускага мастака Аляксандра Кішчанкі.

    «Кожная з іх называлася, напрыклад, «Мінск — горад навукі», «Мінск — горад мастацтва» і іншыя. А тут горад, краіна ператварыліся яшчэ і ў месца палітзняволенных, таму вырашыла назваць прынт «Горад Палітвязняў», — расказвае яна.

    «Чарговы мужчына з татуіроўкамі за фота папрасіў у мяне грошы на глог»

    Фотаздымкі мужчын з татуіроўкамі — адна з тэм, над якой працавала дзяўчына. Захапленне гэтым пачалося з рэдакцыйнага задання (Караліна тады была кантрыбутаркай у выданні 34mag.net).

    «І вось калі я гэта рабіла, натыкнулася на суперпрыгожага мужчыну, у яго былі зататуяваныя ўсе рукі. Я пабачыла яго ў юнацтве ў шпіталі, ён запаў мне ў душу: гэты выгляд татуяванага цела як сімвал нібы чагосьці заганнага ў грамадстве, але той мужчына нёс свой турэмны досвед на скуры і выглядаў дастойна.

    А ўвогуле наконт прыгажосці ў мяне ў школе заўсёды былі спрэчкі з настаўнікам, які вёў у нас прадмет «чалавек і сусвет». Я казала, што і ў нечым брыдкім хтосьці з людзей можа бачыць прыгажосць. Да гэтага лічу, што прыгажосць — вельмі суб’ектыўная тэма». 

    Фатографка расказвае, што, здымаючы мужчын з тату, пабачыла, як пацягала людзей савецкая турма. 

    «Пры дапамозе татуіровак у тым ліку яны змагаліся з катаваннямі. Напрыклад, набівалі твар Сталіна, а біць, страляць у твар «правадыра» тым жа супрацоўнікам турмы было нельга», — расказвае яна. 

    Адзін з самых знакамітых здымкаў Караліны — «Маладосць». На ім мужчына з татуіроўкамі стаіць каля кніжнай крамы. Гэта фота дзяўчына перанесла на футболкі. 

    «Не ведаю, ці жывы ён, ці ведае, што яго фотаздымак беларусы носяць на цішотках, хацела, каб ён пабачыў гэты вобраз, — расказвае яна. — 

    Якая гісторыя здымка? Даўно хацела пафатаграфаваць каля крамы «Маладосць», неяк сябар паклікаў, каб зрабіць мае здымкі там. Да нас падышлі два мужчыны, адзін з іх убачыў, што ў мяне ёсць татуіроўкі, расказаў, што ў яго таксама. Зняў футболку, каб паказаць, што ў яго набіта. І папрасіў сфатаграфаваць. А ў мяне нават з сабой камеры не было, гэта фота зроблена на iPhone 5. Далі яму цыгарэт і пару рублёў. Ён не шмат расказваў пра турму, але казаў, што татуіроўкі набіваў сабе сам.

    Мне не было страшна камунікаваць з такімі людзьмі. Неяк чарговы мужчына з татуіроўкамі за фота папрасіў у мяне грошы на глог. Вось мне падабаецца, што яны проста кажуць, на што ім трэба». 

    У самой Караліны ёсць некалькі татуіровак. Адна з незвычайных — мапа раёнаў Мінска, на якой адзначаны месцы, у якіх жыла дзяўчына. 

    «За кошт частых пераездаў больш даведвалася пра Мінск, чым мясцовыя, якія жывуць на адным месцы. Самая першая татуіроўка — дэльфін з фотаплёнкі. Яго ў мае 16 гадоў хадзіла са мной рабіць маці, я набіла яго на шыі. Мне вельмі падабаюцца дэльфіны, збіраю фігуркі ў калекцыю».

    «Кожны тыдзень збіраемся на вуліцы ў Варшаве і пяём»

    Нядаўна Караліна зацікавілася народнымі спевамі. Разам з іншымі ахвотнымі яны аб’ядналіся ў чат, спяваюць пад кіраўніцтвам спявачкі Русі, якая навучае ўдзельніц хору разнявольваць галасы.

    «Гэта магічна. Кожны тыдзень збіраемся на вуліцы ў Варшаве і пяём. Чую, што дзяўчаты, якія, напрыклад, ніколі не спявалі, робяць гэта ўсё лепш і лепш. Спевы дапамагаюць зазямліцца, адарвацца ад навакольнага жаху навін. У нас нават ёсць практыкаванне, у якім трэба цвёрда стаць на ногі, каб спеў праходзіў праз цела. Практыка, што зараджае.

    Цікава, што чалавек не можа баяцца і спяваць адначасова», — расказвае яна. 

    Падчас выступу дыджэя Papa Bo на купальскім «Варушняку» Караліна разам з дзяўчатамі з хору ўзяла мікрафон і зачытала «Сягодня ў нас Купала».

    «Падчас гэтага перформансу быў пік маёй упэўненасці ў сабе, — дзеліцца яна. — Выступілі перад народам і атрымалі моцную падтрымку. Нягледзячы на тое, што гэта быў зусім аматарскі выступ, разумею — калі хочацца, то трэба рабіць. Часам так сумна бывае бачыць людзей, якіх ты падтрымліваеш, але яны стала кажуць, што не ўпэўненыя, і так шкада, бо магчымасцей для развіцця цяпер вельмі шмат, а часу быць няўпэўненымі — мала. 

    Калі раней глядзела на свае старыя фота, адчувала сябе няўпэўнена наконт знешнасці, а цяпер думаю: прыгожая малая. Проста тады марнавала час на няўпэўненасць у сабе.

    Але вось запіс народных спеваў я не пераслухоўвала яшчэ. Пакуль мне трошкі сорамна, а ў моманце было моцна». 

    Яшчэ адзін новы занятак Караліны — bird watch­ing.

    «Калі ўзяць маю камеру цяпер, то там людзей амаль не будзе, толькі прырода. Канэкт з людзьмі проста можа як напаўняць, так і выцягваць энергію. Лічу, што ўвогуле ў жыцці ёсць як мінімум два бакі: можна быць як класным чалавекам, так і дрэнным для кагосьці. І гэта нармальна, не трэба намагацца для ўсіх быць мілай, замест таго каб быць шчырай. 

    Мне цяжкавата прыняць, што справядлівасці не існуе. І гэта жаданне справядлівасці адначасова мяне інспіруе і падманвае. Прыгнёт мовы, культуры — вось гэта мяне абурае больш за ўсё. Агіду я часам адчуваю вельмі моцна, бо думаю, гэта несправядліва. Але вядома, што можна і не факусавацца на крыўдзе, а, наадварот, выкарыстоўваць, каб папулярызаваць мову і захоўваць яе», — кажа дзяўчына. 

    «Часам думаю, што, можа быць, шмат злых пажаданняў даюць злу расці»

    Караліна адзначае, што заўважала, як пасля гвалтоўных падзей 2020-га ў яе ўнутры легалізавалася нянавісць у дачыненні да тых, хто збіваў беларусаў. 

    «Да гэтага я хавала гэту эмоцыю ў дачыненні да ўсяго, што мяне бянтэжыла, тушыла, бо думала, што ў прынцыпе нянавісць і любоў прыкладна адной моцы эмоцыі. І я лепей буду абіраць любоў, каб не злавацца.

    А пасля я зразумела, што калі адзін чалавек дазваляе рабіць гвалт над другім, то тут нянавісць адчуваць цалкам легальна, але і ў той жа час прасцей за ўсё. А вось любіць, спачуваць і разумець — гэта цяжка, але магчыма. 

    Як мы бачым, вось гэтае пажаданне «каб ён здох» не працуе ўжо колькі гадоў, а людзі яго паўтараюць як мантру.

    І часам я думаю нават, што, можа быць, шмат злых пажаданняў даюць гэтаму злу расці. Зразумела, што людзей, якія зрабілі і робяць зло, немагчыма спісаць з уліку. Але мне падаецца, што пра іх трэба менш казаць, каб не выдаткоўваць энергію.

    Магчыма, гэта эзатэрычна гучыць, але мне так падаецца. Калі беларусы хочуць жыць у свеце без яго (Лукашэнкі. — НН), то трэба пачынаць гэта рабіць — не ставіць, напрыклад, на вокладку кожнага інфармацыйнага відэа яго фотакартку ці імя», — мяркуе Караліна. 

    Дзяўчыну бадзёрыць, наколькі цяпер чалавецтва тэхналагічна развітае, але яна трымае ў галаве, што гэта заўсёды можа быць выкарыстана ў мілітарных мэтах.

    «Не ўпэўнена, што ў маім стагоддзі людзі перастануць ваяваць, але мне хочацца верыць, што цяпер менш войнаў, чым было раней. Ведаю проста, што прырода нас усіх за адзін дзень можа вырубіць, калі ёй гэта будзе патрэбна. Думаю, што мы яе можам справакаваць якімі-небудзь неэкалагічнымі дзеяннямі.

    Так шкада, што складана дамовіцца, каб не было сэнсу ў забіцці людзей. Я часам думаю, што, можа, войны не спыняюцца, таму што гэта такая прырода чалавека. Магчыма, прырода так вырашае пытанні дэмаграфіі. Запытацца ў яе немагчыма, але забіць яе таксама, бо мы яе частка. Але хутчэй бы было мірна», — разважае яна. 

    Чытайце яшчэ:

    Паляшук з хітрынкай. Сябры і калегі — пра Алеся Любенчука

    «Не рабіце мне нервы!» Прадстаўнікі медыя — аб таксічных выпадках у межах прафесіі

    CPJ асудзіў прысуд Ларысе Шчыраковай

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці