Сайт kyky.org таксама атрымаў ліст з Мінінфарма аб парушэнні заканадаўства аб СМІ
Культурніцкі інтэрнэт-часопіс kyky.org 15 мая таксама атрымаў ліст з Міністэрства інфармацыі аб парушэнні заканадаўства аб СМІ.
«У ім нам паведамляюць, што «на інфармацыйным рэсурсе, размешчаным па адрасе www.kyky.org, выяўленыя факты парушэння заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі». Пра якія канкрэтна парушэнні ідзе размова, не гаворыцца, — зазначаецца ў рэдакцыйным каментарыі. — Ліст «упаў» на рэдакцыйную пошту 15 мая, але знайшлі яго толькі праз тры дні. Так, мы не вельмі часта правяраем рэдакцыйную пошту. У Мінінфарме нам растлумачылі, што дакумент не з’яўляецца пісьмовым папярэджаннем. Папярэджанне, магчыма, будзе пасля таго, як мы пададзім міністэрству звесткі пра тое, хто валодае сайтам. «Прапанова» аб гэтым утрымліваецца ў канцы ліста».
Як раней паведамлялася, аналагічныя лісты атрымалі сайты «Радыё Рацыя», Аб’яднанай грамадзянскай партыі, «Тузін гітоў» і «Свабодны рэгіён».