• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Агульная траўма ў нас — вельмі моцны хранічны стрэс». Аўтарка праекту «Трэба пагаварыць» Марыя Грыц — пра гутаркі з беларусамі

    Пра якія праблемы хочуць размаўляць цяпер беларусы? З якімі праблемамі яны сутыкаюцца ў Беларусі і эміграцыі? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае аўтарка і вядоўца праграмы «Трэба пагаварыць» Марыя Грыц у гутарцы з Юліяй Сівец на Беларускім Радыё Рацыя.

    РР: Як нарадзілася ідэя гэтай праграмы?

     Ідэя праграмы нарадзілася даўно, яшчэ можа за год да першага сезону. Мы тады яшчэ былі ва Украіне. І мне вельмі хацелася, каб была нейкая праграма, жаночая менавіта, не ў сэнсе толькі пра жаночыя гісторыі, але з фокусам на тое, што жанчыны перажываюць гэтае ўсё і яшчэ з дадатковай нейкай акалічнасцю – і дзеці, і жаночае здароўе, і нават зняволеныя жанчыны церпяць іначай, чым мужчыны. І мне гэта ўсё хацелася неяк абмяркоўваць. І самае галоўнае – зразумець, што з гэтым усім мы можам зрабіць.

    Натуральна, мы не вырашым самую галоўную прычыну, чаму мы ўсе тут апынуліся,  але як хаця б уратаваць сваё ментальнае здароўе, сваё фізічнае здароўе, што можна зрабіць для сябе і сваіх блізкіх тымі сіламі, якія ў нас ёсць.

    РР: Пасля 2020 года і пасля пачатку вайны ва Украіне ў 2022 годзе ці паболела розных праблем, пра якія гатовыя гаварыць беларусы?

    — Дарэчы, наконт таго гатовыя ці не. Праблем паболела, але, натуральна, я заўважаю, што ёсць людзі, якія настолькі балюча перажываюць траўмы свае розныя, што ім складаней гаварыць пра іх, чым не гаварыць. То бок яны яшчэ не асэнсавалі, не прыдумалі выйсця, не знайшлі. Для іх яшчэ траўматычна гаварыць пра некаторыя перажыванні.

    Напрыклад, мы запісвалі праграму, як перажыць страту блізкага чалавека. Сам факт — гэта ўжо вялікі стрэс і вялікае гора. Але ў нашай беларускай сітуацыі гэта абцяжарваецца яшчэ тым, што калі чалавек з’язджае за мяжу па палітычных прычынах, то як ты не аддасі апошнюю пашану свайму блізкаму чалавеку?

    Альбо іншая гісторыя, калі затрыманых не пускаюць развітацца са сваімі блізкімі. Гэта яшчэ такі абцяжарваючы чыннік.

    Таму, калі ты бярэш нейкае агульначалавечае пытанне, у беларускім рэчышчы яно аказваецца яшчэ больш складаным.

    РР: Якія асноўныя траўмы ў беларусаў пасля 2020 года?

    — Асноўныя траўмы, натуральна, у кожнага свае. Але агульная траўма ў нас — вельмі моцны хранічны стрэс. Дарэчы, мы нядаўна запісалі перадачу пра хранічны стрэс, што з ім рабіць. Натуральна, што гэта не панацэя. Мы таксама падкрэсліваем, што ўсе нашыя інструкцыя ці нават парады трэба ўспрымаць як арыенцір і ўсё адно звяртацца да спецыяліста. <…>

    Хранічны стрэс — гэта вельмі вялікая праблема, таму што ты не можаш яго выключыць. Ты не можаш адчуваць сябе ў бяспецы, калі ты ў небяспецы. І, натуральна, [так адчуваюць сябе] людзі, якія ў Беларусі застаюцца. Ты ніколі не ведаш, калі па цябе прыдуць, хаця, падаецца, ужо колькі часу прайшло і прыйшлі па ўсіх.

    Застаецца гэты бясконцы-бясконцы стрэс, з якім ты жывеш.

    І я з гэтага боку мяжы таксама не магу сказаць, што тут мёдам намазана. Людзі ў стрэсе жывуць таксама: разрываюцца сувязі, трэба знаходзіць сваё новае жыццё, сваё месца — а, можа, яны не знаходзяцца. І гэта таксама моцны стрэс і цісне на цябе. Асабліва адказнасць, калі ў цябе ёсць дзеці. Сама сабе які куточак знайла б, і канец. А тут, калі ў цябе малое, якое глядзіць на табе, то трэба адпавядаць.

    Я бачу гэта вялікім пытаннем, з якім мы будзем даваць рады і вяртацца да гэтага.

    Больш вузкія накірункі — маю на думцы зрабіць наступную перадачу пра інкамунікадо. Гэта гісторыя, якая звычайна датычыцца вось такіх рэжымаў, як нашы. Звычайна гэта нейкія ваенныя хунты ці людажэрныя рэжымы, асабліва гэта папулярная гісторыя, на жаль, для Паўднёвай Амерыкі. Калі нейкія дзяржаўныя службы затрымліваюць чалавека — і потым невядома, што з ім далей.

    І гэта від катавання. Гэта прапісана ў дакументах ААН як адно з самых грунтоўных парушэнняў права чалавека на асабістую бяспеку. То бок калі цябе затрымлівае дзяржава, яна мусіць гарантаваць тваю бяспеку. Але невядома, што з чалавекам.

    Вось ужо больш за сотню дзён пра некаторых затрыманых і асуджаных мы не ведаем, што з імі. Мы не ведаем, што з Бабарыкам і іншымі людзьмі. Гісторыя Статкевіча ўвогуле разрывае сэрца — вось гэта мы будзем абмяркоўваць.

    Цалкам гутарку можна паслухаць па спасылцы

    Чытайце яшчэ:

    «Простите за такой обидный и непредсказуемый финал». Белорусских медиа остается все меньше. Посмотрели, какие из них закрылись в 2023 году

    Сына пісьменніка і журналіста Сяргея Антонава, які вымушана пакінуў Беларусь, затрымалі за абразу Лукашэнкі

    Хто ў беларускім ютубе робіць крутыя відэагутаркі? Шэсць рэкамендацый для прагляду

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    Далёкі Афганістан і Беларусь яднае не так ужо мала, як падаецца на першы погляд. Калі глядзець на медыясферу, дык атрымліваецца амаль што калька: незалежныя журналісты працягваюць працу ў выгнанні, некаторых кінулі ў турму, у індэксе свабоды прэсы абедзве краіны — у чырвонай зоне. Фотарэпарцёрка Фаціма Хасайні, калі завітала ў Вільню, падзялілася ўласным поглядам на сітуацыю.
    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці