• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Спадзяюся, ў яе атрымаецца». Ксеніі Луцкіной за кратамі споўнілася 40

    14 лютага палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна адзначае за кратамі 40-ы дзень нараджэння. У зняволенні ў яе пагоршылася здароўе, а дома яе чакае маленькі сын. Журналістка спачатку адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні, але калегі і блізкія спадзяюцца, што яна зменіць пазіцыю — бацькі сабралі дакументы.

    БАЖ узгадвае факты пра гэтую мужную журналістку.

    Ксенія Луцкіна — былая журналістка і карэспандэнтка «Белтэлерадыёкампаніі», дзе працавала да жніўня 2020 года. Пасля выбараў яна далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу. Пасля звальнення ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады. Была затрымана разам з фігурантамі справы «Прэс-клубу», якія амаль усе выйшлі на волю да суда. Ксенію абвінавацілі ў змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады і асудзілі да васьмі гадоў калоніі. Адбывае пакаранне Ксенія ў Гомельскай калоніі №4.

    Запісала відэа супраць гвалту

    Падчас пратэстаў некаторыя супрацоўнікі «Белтэлерадыёкампаніі» запісалі відэа супраць гвалту. Вось што прамовіла Ксенія:

    «Мы, ужо былыя супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі, звяртаемся да вас, нашых калег. Да вас, супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ. Мы абвясцілі страйк, таму што хочам займацца журналістыкай, а не прапагандай. Мы сышлі, а вы засталіся. Мы сышлі, бо сорамна назваць месца сваёй працы. Чырванець за ўтаптаную ў хлусню прафесію, быць часткай сістэмы татальнай хлусні і гвалту. Апраўдваць забойствы, фальсіфікацыі, бандыцкі разбой на вуліцах і беззаконне ў турмах. Таму што немагчыма знаходзіцца ў адным будынку з людзьмі, якія ведаюць і маўчаць пра гвалт». 

    «Будуць помсціць за «здраду»»

    Былая калега Ксеніі Кацярына Ваданосава больш шчыльна пазнаёмілася з ёй падчас стачкі. Яна лічыць, што з Луцкіной так абыйшліся, бо лічылі яе за сваю.

    «Што да Ксеніі, дык яна мела ўласныя буйныя праекты, працавала шмат гадоў, яе лічылі за «сваю», і цяпер, зразумела, катуюць і будуць максімальна помсціць за «здраду». Яна не адзіная, хто працаваў на БТ, а потым адсядзеў ці яшчэ сядзіць, Таму тут, безумоўна, гаворка пра помсту і пра тое, што гэты спрут (як у братоў Стругацкіх) не мае сэрца, ніколі не даруе і не адпусціць».  

    Спачатку адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні

    «Ксенія працавала на беларускім тэлебачанні. Калі пачаліся пратэсты, яна сышла з беларускага тэлебачання. А калі нам зрабілі прапанову напісаць заяву аб памілаванні, Ксенія адмовілася яе пісаць. Чалавек атрымаў восем гадоў», — узгадвае ў фільме «Настоящего времени» «Як журналісты сталі галоўнымі ворагамі Лукашэнкі» пра яе Сяргей Альшэўскі, фінансавы дырэктар «Прэс-клуба», які правёў у заключэнні 240 дзён і вызваліўся летам 2021 года.   

    Для памілавання сабралі дакументы

    Дадзеныя Ксеніі з’явіліся ў пераліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія «маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», у студзені 2023 года.  Летам таго ж года яе бацька сабраў неабходныя дакументы, каб Ксенія магла падаваць прашэнне аб памілаванні. 

    «Мы спрабуем хоць нешта рабіць, бо дачка і так ужо нацярпелася за кратамі. Да таго ж, у яе такая цяжкая хвароба. Таму, як толькі з’явілася магчымасць у калоніі напісаць прашэнне – адразу запусцілі гэтую працэдуру. Калі збяру ўвесь пакет дакументаў (я і маці будзем паручальнікамі Ксеніі), адпраўлю іх у калонію. А там ужо сама дачка падасць прашэнне, якое затым павінна быць разгледжана ў адмысловай камісіі аб памілаванні», — расказаў бацька Ксеніі «Народнай Волі».

    Размаўляе з сынам па відэасувязі

    Перад новым 2023 годам Ксенія сустрэлася ў СІЗА з бацькам, братам і сынам Мацвеем. Размова доўжылася дзве гадзіны.  

    «Ксенія, натуральна, вельмі хацела пабачыць сына, тым больш, што гэта сустрэча адбылася акурат перад Новым годам. Таму іх спатканне было вельмі душэўным і пранізлівым, як заўсёды, не абышлося без слёз. Пасля супакоіліся, нармальна пагаварылі», — узгадваў яе бацька. 

    Цяпер з сынам палітзняволеная размаўляе па відэасувязі.

    «Лісты даходзяць. Таксама тэлефануе па графіку — чатыры разы ў месяц. Дазваляецца відэасувязь, таму Ксенія перыядычна бачыць сына і размаўляе з ім. Яна па ім так сумуе! Як і сын па маці…», — дадаваў бацька. 

    Здароўе не паляпшаецца

    У зняволенні ў журналісткі ўзніклі моцныя праблемы са здароўем — пачала расці пухліна ў галаўным мозгу. Таксама яна перахварэла на двухбаковую пнеўманію. Стан здароўя Ксеніі не паляпшаецца. Блізкія перадаюць ёй лекі. 

    «З Луцкіной на Валадарцы я перасякалася ў санчастцы. Яна сказала, што вельмі хварэе, і па ёй было бачна, што кепска са здароўем. У мяне засталося ўражанне пра яе, як пра моцнага чалавека», — расказвала ў красавіку 2023 года палітзняволеная Вольга Класкоўская

    Двойчы на суткі вадзілі на ўколы

    Былая зняволеная Вольга Лойка ў інтэрв’ю праекту «Ток» узгадала, што Ксенію двойчы на суткі вадзілі на ўколы. Ад яе хацелі прызнання віны і супрацоўніцтва са следствам. 

    «Ксенія Луцкіна, з якой мы сядзелі ў суседніх камерах, казала: «Ня важна колькі, я нічога не прызнаю». Потым прыйшлося мяняць канцэпцыю, таму што, калі ты разумееш, што гэта [зняволенне] надоўга і што моцна ратаваць цябе ніхто не будзе, трэба спрабаваць мінімізаваць гэты тэрмін. Вельмі спадзяюся, што ў яе атрымаецца. Таму што ўсё ж такі сын маленькі і цяжкі фізічны стан у яе», — сказала Вольга.

    У лістах захоўвае аптымізм

    На БТ Ксенія 15 гадоў здымала выключна дакумэнтальныя фільмы і гістарычныя рэпартажы — яна гісторык паводле адукацыі. Яе праекты — Ter­ra incog­ni­ta («Невядомая Беларусь») і «1418 дзён. Гісторыя перамогі» пра Другую сусветную вайну. У лістах журналістка ўзгадвае і свае працы. 

    «Па словах экспэртаў, «1418 дзён» — мая найлепшая праца. Яна вельмі важная для мяне з многіх прычынаў. Самае важнае — я людзей паказала ў тых абставінах, перажыць якія ня ўсім пад сілу. Думала пра сваіх продкаў, калі пісала… Цяпер сама ў падобных абставінах… Бачыш, як жыцьцё паварочваецца…», — пісала яна блізкім. 

    Сябры расказвалі, што журналістка піша вельмі аптымістычныя лісты. На аркушы заўсёды пакідае свой фірмовы лагатып: чырвонае сэрцайка і подпіс «Усё будзе добра».

    Чытайце яшчэ:

    Магілёўскага відэааператара Яўгена Глушкова трымаюць у СІЗА і вінавацяць «за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні»

    Журналіст праекта Dekoder: «Доўгі час немцам пра падзеі ў Беларусі і Украіне распавядалі карэспандэнты з Масквы»

    У Расіі абвешчаныя ў вышук журналісты, вымушаныя з’ехаць з Беларусі праз пераслед

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці