“Абажур” са Святланай Алексіевіч на вокладцы — у бібліятэцы Шведскага саюза журналістаў
Група супрацоўнікаў цэнтральнага офіса ГА “БАЖ”, якія знаходзяцца ў Стакгольме па запрашэнні медыяінстытута FOJO, наведала офіс Шведскага саюза журналістаў.
Як распавяла Аніта Вальберг, міжнародны сакратар і дарадца старшыні арганізацыі, нават па шведскіх мерках гэта вельмі стары прафсаюз — яму ўжо 114 гадоў. Ён быў створаны ў 1901 годзе як пратэст супраць звальнення некалькіх журналістаў у адной з буйных газет Стакгольма.
Сёння саюз налічвае каля 16 500 журналістаў. Арганізацыя мае 23 рэгіянальныя філіі.
— Адзін з асноўных накірункаў нашай дзейнасці — абарона працоўных правоў. Многіх журналістаў прымусова “выпіхваюць” у фрыланс, між тым як яны хацелі б быць у штаце. Альбо заключаюць занадта кароткія працоўныя кантракты, — распавяла Аніта.
Акрамя прафсаюзных пытанняў, саюз займаецца праблемамі этыкі, аўтарскага права і г. д.
Бюджэт арганізацыі складаецца з сяброўскіх унёскаў. Таксама саюз атрымлівае грошы ад здачы ў арэнду памяшканняў у будынку, які цалкам яму належыць. Памер унёскаў залежыць ад заробку журналіста, але нават беспрацоўныя абавязаныя штомесяц плаціць за сяброўства ў саюзе пэўную суму.
“Журналісты разумеюць, што трэба плаціць, калі яны хочуць мець сапраўды незалежную арганізацыю, якая бароніць іх правы”, — заўважае Аніта.
Стаць сябрам саюза можа любы чалавек, які зарабляе на жыццё журналістыкай. Тэхнічных работнікаў, чыя праца ўплывае на кантэнт, — дызайнеры, вярстальшчыкі і г.д. — таксама прымаюць. Для гэтага трэба запоўніць форму на сайце, апісаць род сваіх заняткаў.
— Бывае, што чалавек не журналіст, а проста хоча прэс-карту. Такім мы адмаўляем, — кажа Аніта.
Адукацыйныя праграмы саюза ў асноўным скіраваныя на фрылансераў: у арганізацыі мяркуюць, што штатных супрацоўнікаў абавязаная вучыць сама рэдакцыя.
Этычныя пытанні ў Швецыі вырашаюцца на некалькіх узроўнях. Па-першае, прэс-арганізацыі разам выбіраюць прэс-амбудсмена і раду, якія разбіраюцца з заявамі датычна апублікаваных журналісцкіх матэрыялаў. Скардзяцца звычайна палітыкі, прадпрыемствы, ахвяры злачынстваў, сваякі памерлых і г. д. Прэс-амбудсмен прымае пэўнае рашэнне, узгадняе яго з радай і, калі яны прыходзяць да згоды наконт парушэння этычных прынцыпаў, СМІ абавязана заплаціць штраф у бюджэт рады і апублікаваць вердыкт.
У саюзе журналістаў ёсць уласная камісія па этыцы, якая займаецца паводзінамі асобных журналістаў у выпадку парушэння імі этычнага кодэкса. Камісія з 5 чалавек, прызначаных выканаўчым камітэтам саюза, вырашае, ці было парушэнне, і ў выпадку неабходнасці дае папярэджанне ці рэкамендацыі. Калі парушэнне вельмі сур’ёзнае — можа дайсці і да выключэння з саюза, але гэтага пакуль не здаралася. “Сур’ёзнае папярэджанне — дастатковае пакаранне для журналіста”, — кажа Аніта.
Прадстаўнікі офіса ГА “БАЖ” цікавіліся рознымі аспектамі працы Шаведскага саюза журналістаў, распавядалі пра сваю дзейнасць і праблемы. У бібліятэку саюза перадалі некалькі нумароў часопіса “Абажур” са Святланай Алексіевіч на вокладцы.