Новы штраф за інтэрнэт-каментар
За абразу суддзі ў інтэрнэце супрацоўнік аднаго з інфармацыйных агенцтваў заплаціў штраф 20 мільёнаў рублёў, – паведаміў сайт газеты «Комсомольская правда» в Белоруссии».
Ні імя каментатара, ні тэкстаў каментароў “КП” з этычных меркаванняў не падае, але адзначае, што той «не саромеўся ў выразах» і «смачна лаяўся матам».
Па інфармацыі выдання, артыкул, пад якім з’явіўся каментар, тычыўся канфлікту паміж забудоўшчыкам і дольшчыкамі з нагоды будаўніцтва жылля ў адным з раёнаў Мінска. Канфлікт дайшоў да суда, і суддзя вынес рашэнне не на карысць дольшчыкаў. Каментатар, які апынуўся адным з дольшчыкаў, «стаў пісаць гадасці на адрас суддзі».
Адміністрацыя кампаніі-забудоўшчыка першай звярнула ўвагу на абразлівыя каментары, скапіявала старонкі абмеркавання і накіравала іх у ГУУС Мінгарвыканкама. Як паведаміла “КП” памочніца пракурора Савецкага раёна Ліліяна Літвінюк, «па дадзеным факце была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 391 КК «Абраза суддзі або народнага засядацеля»».
Абвінавачаны віны не прызнаў, сцвярджаючы, што не меў на ўвазе канкрэтнага суддзю. Тым не менш, штраф ён сплаціў.
«Пацярпелы суддзя таксама выступіў на судзе. Яму не спадабалася і тое, што журналіст дрэнна адгукаецца пра судовую сістэму. Таксама Міхаіл (так умоўна назвала “Камсамолка” каментатара - заўв. БАЖ) паказаў, што суддзя невыязны. У выніку журналісту прысудзілі штраф у 20 мільёнаў. Гэтыя грошы пайшлі ў даход дзяржавы», – цытуе Ліліяну Літвінюк «Комсомольская правда».
Нагадаем, што ў ліпені гэтага года буйным штрафам пакаралі драматурга Андрэя Карэліна – за негатыўныя выказванні на форуме партала tut.by на адрас беларускай міліцыі.
У жніўні стала вядома пра пракурорскую праверку каментароў на сайце pruzhany.net – ізноў жа па скарзе суддзі. Чым скончылася праверка, ГА “БАЖ” інфармацыі пакуль не мае: мясцовыя журналісты не выключаюць, што справу “спусцяць на тармазах”.
У верасні з’явілася інфармацыя пра штраф маладому чалавеку, які дапусціў на адным з сайтаў “нелицеприятные выражения» на адрас кіраўніка групы па прыёме іспытаў у ДАІ УУС аблвыканкама.
А вось вясной 2013 года зыск незалежнай брэсцкай журналісткі Міланы Харытонавай, якая судзілася з калегам з дзяржаўнага выдання за абразлівы каментар на адным з брэсцкіх сайтаў, адхілілі. Абскардзіць гэтае рашэнне журналістка спрабуе дагэтуль.