Журналістка даведалася пра штраф з судовай пастановы, якую даслалі поштай
Незалежную журналістку, сябру ГА “БАЖ” з Брэста Аліну Літвінчук другі раз у гэтым годзе аштрафавалі за працу без акрэдытацыі. Гэтым разам - на 40 базавых велічынь.
Прычым суд адбыўся без удзелу самой журналісткі: пра пакаранне штрафам сябра ГА “БАЖ” з Брэста даведалася з судовай пастановы, атрыманай па пошце, — паведаміла Літвінчук службе маніторынгу ГА «БАЖ».
З пастановы суда Ленінскага раёна Брэста вынікае, што 8 студзеня гэтага года Аліна Літвінчук, не маючы акрэдытацыі, узяла інтэрв’ю ў старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонда міру Лідзіі Раманюк для “Беларускага Радыё Рацыя”, чым парушыла Закон “Аб сродках масавай інфармацыі” і здейсніла “незаконны выраб прадукцыі СМІ”.
У выніку суддзя Аляксандр Семянчук прызнаў журналістку вінаватай у адміністрацыйным правапарушэнні і пакараў штрафам у памеры 40 базавых велічынь (7,2 мільёны рублёў).
Як паведаміла службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Аліна Літвінчук, разгляд гэтай справы стаў для яе цалкам нечаканым, бо ні пра складзены міліцыяй адміністрацыйны пратакол, ні пра судовае разбіральніцтва журналістку ніхто не інфармаваў. Такім чынам, сябра ГА “БАЖ” лічыць, што мае месца грубае парушэнне нормаў беларускага заканадаўства і міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала Беларусь.
Зараз спн. Літвінчук рыхтуе зварот на імя старшыні суда Ленінскага раёна Брэста наконт працэсуальных парушэнняў падчас разгляду справы, а таксама касацыйную скаргу ў Брэсцкі абласны суд.
– Нават калі адкінуць парушэнне права на доступ журналіста да інфармацыі, у гэтым выпадку быў парушаны адзін з асноўных прынцыпаў правасуддзя – фактычна журналістку пазбавілі магчымасці абараняць сябе ў працэсе і прадстаўляць доказы сваёй невінаватасці. Відавочна, што дадзенае рашэнне неправавое, і яго неабходна абскарджваць у судзе вышэйшай інстанцыі, – лічыць юрыст ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алег Агееў.
Фота з Facebook
Сёлета гэта ўжо другі суд, у якім фігуруе Аліна Літвінчук. 13 студзеня яе таксама прызналі вінаватай “у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ” і аштрафавалі на 30 базавых велічынь.
Нагадаем, што днямі стала вядома пра адміністрацыйную справу ў дачыненні да сябры ГА “БАЖ” з Бярозы Тамары Шчапёткінай па тым жа арт. 22.9 КаАП (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Журналістку абвінавачваюць у падрыхтоўцы інтэрв’ю з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам для “Беларускага Радыё Рацыя”. Суд па справе адбудзецца 27 лютага.