Ператрус у кватэры гомельскага праваабронца, сябра ГА “БАЖ” Леаніда Судаленкі
У Гомелі супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі правялі ператрус на кватэры праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Леаніда Судаленкі. Ператрус зроблены таксама і ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, дзе Судаленка мае працоўнае месца. Санкцыянаваў "агляд" адзін з намеснікаў гарадскога пракурора.
Гомельскі грамадскі актывіст Васіль Палякоў, які прысутнічаў у грамадска-палітычным цэнтры на Палескай, паведаміў, што міліцыянты даглядаюць камп’ютары.
“Яны патлумачылі, што з IP-адраса, атрыманага абанентам на Палескай, 52, нібыта быў дасланы парнаграфічны ролік. З гэтай нагоды і была заведзеная крымінальная справа. Міліцыю цікавіла электронная скрынка праваабаронцы – нібыта ён таксама мае дачыненне да крымінальнай справы”, – сказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ” В. Палякоў.
Сам Леанід Судаленка знаходзіцца цяпер у Швецыі. “З мяне хочуць зрабіць дурня, – паведаміў ён праз інтэрнэт. – Міліцыянты пры ператрусе дома казалі, што нібыта 6 сакавіка з майго ІР-адраса прыйшло віншаванне жанчынам-падаткавікам Савецкага раёна ў выглядзе парнаграфічнага роліка. Жонка сказала, што нашага васямнаццацігадовага сына Лёню забралі ў міліцыю”.
Адметна, што раней Леанід Судаленка звяртаўся ў органы ўнутраных спраў з просьбай высветліць, хто змяшчае на адным з гомельскіх сайтаў паклёпніцкія ў дачыненні да яго звесткі і дасылае праз электронную пошту пагрозы яго шматдзетнай сям’і. Міліцыя тады адказала, што высветліць ІР-адрас не мае магчымасці.