Незалежны журналіст з Магілёва абскарджвае рашэнні прызыўных камісій праз суд
Магілёўскі журналіст Аляксандр Буракоў 23 мая падаў у суд Ленінскага раёна Магілёва скаргу на рашэнні Магілёўскіх гарадской і абласной прызыўных камісій.
Буракоў не пагаджаецца з іх рашэннем, што ён “прыдатны з абмежаваннямі” да вайсковай службы, бо мае захворванне каленных суставаў, пры якім прадугледжваецца вызваленне ад вайсковай службы ў мірны час.
Журналіст просіць суд адмяніць рашэнні Магілёўскіх гарадской і абласной прызыўных камісій як неабгрунтаваныя і незаконныя, а таксама да разгляду скаргі прыпыніць выкананне рашэння Магілёўскай гарадской камісіі аб яго прызыве на вайсковую службу. Буракоў просіць суд прызнаць яго медычны статус “нягодны да тэрміновай службы ў мірны час” альбо прызначыць для гэтага адпаведную медыцынскую экспертызу з прыцягненнем спецыялістаў.
Аляксандр Буракоў раней спрабаваў абскардзіць рашэнне Магілёўскай гарадской прызыўной камісіі праз абласную прызыўную камісію і пракуратуру Магілёва, аднак плёну гэта не прынесла. Журналіст ужо атрымаў позву з ваенкамата на адпраўку ў войска на 26 мая, аднак пасля падачы скаргі ў суд выкананне рашэння прызыўной камісіі паводле закона павінна быць прыпынена.
Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель лічыць рашэнне пра прызыў Буракова на вайсковую службу цалкам неабгрунтаваным. Ён перакананы, што па медычных паказчыках і згодна з афіцыйнымі патрабаваннямі да прызыўнікоў Буракоў не можа служыць у войску ў мірны час. Бухель бачыць у спробе прызваць Буракова на вайсковую службу напярэдадні парламенцкіх выбараў палітычны падтэкст – жаданне скарыстаць прызыўную кампанію як інструмент палітычнага ціску.
Аляксандр Буракоў піша шмат матэрыялаў на праваабарончыя тэмы, у свой час ён быў рэдактарам папулярнага магілёўскага анлайн-часопіса Moloko.