ГА “БАЖ” далучылася да міжнароднай заявы з нагоды зменаў медыйнага заканадаўства Польшчы
На гэтым тыдні шэраг удзельнікаў “Платформы Грамадскай Салідарнасці” выступілі з заявай з нагоды “нядаўніх падзеяў, якія ўплываюць на стан дэмакратыі і абароны правоў чалавека ў Польшчы”.
“У прыватнасці, з нагоды сённяшняга канстытуцыйнага крызісу, які нясе сур’ёзную пагрозу прынцыпам вяршэнства права і падзелу ўладаў, а таксама зменаў медыйнага заканадаўства, што ставіць пад пагрозу незалежнасць грамадскага вяшчання”, — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце civicsolidarity.org 12 студзеня.
“Мы хацелі б выказаць нашу глыбокую заклапочанасць у сувязі з нядаўнімі зменамі ў Закон аб СМІ, якія падпісаў прэзідэнт 7 студзеня 2016 года. Гэтыя папраўкі адмянілі адкрытыя, празрыстыя і канкурэнтныя працэдуры наймання сябраў наглядных і кіраўнічых саветаў у кампаніях грамадскага вяшчання, прадаставілі выканаўчай уладзе выключнае права прызначаць і звальняць кіраўнікоў грамадскіх СМІ і неадкладна звольнілі тагачасных сябраў праўлення Польскай дзяржаўнай службы тэлебачання і радыё.
Такім чынам, новае заканадаўства дазваляе ўраду ўплываць на рэдакцыйную і стратэгічную пазіцыі грамадскага вяшчання і дае яму рычагі ўплыву, каб заглушыць крытыку ў моманты, калі грамадскія вяшчальнікі найбольш неабходныя.
Перад прыняццем новае медыйнае заканадаўства было шырока раскрытыкавана міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, польскімі і міжнароднымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і польскімі незалежнымі вяшчальнікамі як несумяшчальнае з дэмакратычнымі прынцыпамі. Пратэсты супраць новага заканадаўства прайшлі па ўсёй Польшчы.
Акрамя таго, па аналогіі з Законам аб Канстытуцыйным судзе, новы Закон аб СМІ быў прыняты ў паскораным парадку без якіх-кольвек кансультацый з грамадзянскай супольнасцю. Ён уступіў у сілу без належнага перыяду вакацый, які павінен доўжыцца не менш за 14 дзён.
У апошнія 26 гадоў Польшча і польскае грамадства прайшлі доўгі шлях ад камуністычнага рэжыму да канстытуцыйнай дэмакратыі з актыўнай грамадзянскай супольнасцю. Гэты працэс быў крыніцай натхнення для многіх краін, якія таксама сутыкаюцца з праблемай палітычнай трансфармацыі. Тым не менш, нядаўнія рэформы могуць прывесці да разбазарвання ключавых дасягненняў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека.
Мы рашуча выступаем супраць гэтых рэформ і працэдур, якія выкарыстоўваюцца для іх укаранення. Мы заклікаем польскі ўрад паважаць прынцыпы дэмакратычнай дзяржавы, гарантыі правоў чалавека, замацаваныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Польшча, а таксама міжнародныя абавязальніцтвы ў галіне правоў чалавека. Мы таксама заклікаем урад прыслухацца да голасу грамадзянскай супольнасці і працаваць у шчыльным супрацоўніцтве з грамадзянскай супольнасцю з мэтай далейшага ўмацавання, а не аслаблення дэмакратыі і абароны правоў чалавека ў краіне. Нагадаем, што галоўныя прынцыпы дэмакратыі ўключаюць у сябе вяршэнства закона, незалежнасць судовай сістэмы, а таксама свабоду выказвання меркаванняў і адкрытай дыскусіі па пытаннях, якія ўяўляюць грамадскі інтарэс. Сілы ва ўладзе павінны трываць крытыку сваіх дзеянняў і быць гатовымі несці адказнасць за сваю палітыку”.
Заяву падпісалі больш за 30 арганізацый, спіс якіх можна паглядзець ТУТ.
Заяўнікі віталі міжнародную ўвагу да ўзнятых пытанняў і настойліва заклікалі Еўрапейскую камісію і іншыя еўрапейскія і міжнародныя інстытуты выкарыстоўваць свае паўнамоцтвы для забеспячэння павагі да канстытуцыйных гарантый, вяршэнства права і асноўных прынцыпаў дэмакратыі і правоў чалавека ў Польшчы.
Еўрапейская камісія праводзіла па гэтай тэме дэбаты ў Бруселі 13 студзеня. Па выніках сустрэчы распачата расследаванне адпаведнасці новаўвядзенняў міжнародным прававым абавязальніцтвам Польшчы. Яно мае скончыцца ў сакавіку, а да гэтага справу разгледзіць Венецыянская камісія, экспертны орган па канстытуцыйным праве, — паведаміла брытанская «The Guardian».