• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Выхад газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва” пад пагрозай?

    Рэдакцыя газеты “Культура” ў год свайго 25-годдзя можа застацца без памяшкання. Выхад газеты, а таксама часопіса “Мастацтва” – пад пытаннем. Пра гэта сёння паведамілі супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Культура” ў звароце на сваёй афіцыйнай старонцы ў фэйсбуку. Аднак кіраўніцтва “Дома друку” сцвярджае, што гэты зварот – спроба супрацоўнікаў газеты абяліць сябе. І не бачыць перашкодаў для працягу працы рэдакцыі.

    У паведамленні “Год культуры. Без варыянтаў” да чытачоў газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва” гаворыцца: “Адміністрацыя Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Выдавецтва “Беларускі дом друку” “вынуждена расторгнуть” з нашай рэдакцыйна-выдавецкай установай “Культура і мастацтва” арэндныя адносіны”. Пра гэта супрацоўнікі рэдакцыі даведаліся з ліста ад 26 студзеня.

    “У лісце за подпісам генеральнага дырэктара “Выдавецтва “Беларускі дом друку” Рамана Алейніка не ўтрымліваецца ніякіх варыянтаў для працягу арэндных узаемаадносін з арганізацыяй, якая больш за 10 гадоў арандуе плошчы па адрасе праспект Незалежнасці, 77, своечасова сплачвае арэндныя, камунальныя і эксплуатацыйныя плацяжы, плацяжы за друк нашых выданняў і іншыя плацяжы “Выдавецтва “Беларускі дом друку”, – паведамляе рэдакцыя.

    Паводле супрацоўнікаў газеты, атрыманая імі папера азначае, што рэдакцыі газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва” з 1 красавіка 2016 года застаюцца на вуліцы, таксама з гэтай жа даты ставіцца пад пытанне магчымасць выхаду газеты “Культура” і часопіса “Мастацтва”.

    Дырэктар Дома друку: “Я не бачу ў гэтым рашэнні праблемы, у горадзе дастаткова вольных плошчаў!”

    У каментары для Mediakritika.by генеральны дырэктар “Выдавецтва “Беларускі дом друку” Раман Алейнік адзначыў, што такое рашэнне – спыненне арэндных адносін – было прынятае, бо  “пажарнікі забараняюць выкарыстоўваць тыя плошчы, дзе зараз знаходзіцца рэдакцыя, вось і ўсё. Супрацоўнікі рэдакцыі не хочуць рабіць рамонт у памяшканні, якое яны арандуюць. Ці то ў іх няма грошай, ці то ў іх бюджэтнае фінансаванне, я не ведаю. Мы ім яшчэ ў мінулым годзе прапанавалі: калі ласка, выканайце ўмовы, якія паставіла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і працягвайце далей працаваць! Але яны нам сказалі: “Не, вы нам зрабіце рамонт!” Але, прабачце, гэта не ўмова для двух суб’ектаў гаспадарання. Я не магу займацца спонсарскай дапамогай на адрас культуры.

    Да таго ж, дзесяць год таму мы іх прытулілі ў сябе часова, яны прасілі любыя плошчы, і мы знайшлі для іх магчымасць працаваць. Там раней была актавая зала. У 90‑я гады мы яе падзялілі перагародкамі і пасадзілі рэдакцыю “Культуры” і “Мастацтва”. Але зараз супрацоўнікі МНС забараняюць там працаваць. Я не бачу ў гэтым рашэнні вялікай праблемы, у горадзе дастаткова вольных плошчаў з нізкай арэнднай стаўкай! Яны як бюджэтнікі не плацяць арэнду, толькі камунальныя паслугі. Натуральна, на такіх умовах іх, відаць, ніхто не хоча прымаць. Але ёсць органы ўпраўлення, якія могуць ім дапамагчы. Гэтым пытаннем наогул павінныя займацца заснавальнікі рэдакцыі. Зараз мяне МНС пачне штрафаваць, бо я парушыў нормы і здаў у арэнду памяшканне. Лагічна, што я не згодны?..

    Чаму яны трактуюць, што пад пагрозай апынаецца выхад газеты і часопіса, я не ведаю. Мы не адмаўляем ім у газетных агрэгатах, графіках выпуска і гэтак далей. Гэтая сітуацыя цягнецца ўжо не першы год, чаму яны нічога не рабілі раней, калі мы пісалі ім у мінулым годзе ліст з новымі патрабаваннямі МНС? Атрымліваецца, што яны “белыя і пухнатыя”, “мы не пры справах”, ва ўсім вінаваты Дом друку. Яны пішуць тое, што ім выгадна, не ўсю праўду гавораць”.

    “Навошта рамантаваць чужое памяшканне?”

    Галоўны рэдактар газеты “Культура” Сяргей Трафілаў пацвердзіў, што памяшканне, якое займае рэдакцыя, раней было актавай залай. Яе яшчэ да пачатку арэнды рэдакцыйна-выдавецкай установай “Культура і мастацтва” падзялілі на сегменты драўлянымі перагародкамі.

    “Я мяркую, што менавіта ў гэтых перагародках і ёсць прычына таго, чаму пажарны нагляд выпісаў у свой час прадпісанне Дому друку, – распавёў ён “Медыякрытыцы”. – Пасля гэтай паперы выдавецтва прапанавала нам самім правесці ў памяшканні рамонт. Але навошта рамантаваць памяшканне, якое мы арандуем? Уласнік жа – выдавецтва “Беларускі Дом друку”.

    Як вядома, складанне толькі праектнай дакументацыі пацягне на вялікую суму. Таму ўстанова не пагаджаецца на такія ўмовы. “А кліч мы паднялі з той нагоды, што сёлета – год культура, і ў гэты час мы, газета “Культура” і часопіс “Мастацтва”, апынуліся ў такім падвешаным стане”, – кажа Трафілаў.

    “Дом друку – таксама дзяржаўная ўстанова, і прыкра, што ў нас складваюцца такія адносіны, нягледзячы на дзесяць гадоў партнёрства толькі адносна арэнды памяшканняў, не кажучы пра тое, што мы плацім “камуналку”, арэнду, ад якой нас ніхто не вызваляў”, – распавядае рэдактар “Культуры”.

    Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова прасіла Дом друку прадаставіць іншыя варыянты арэнды, але яны гэтага не зрабілі. “Пытанняў з друкам не прадбачыцца”, – падцвярджае словы Рамана Алейніка Сяргей Трафілаў.

    “Непрыемна, што такая прыкрая сітуацыя з намі склалася менавіта ў год культуры, калі яе трэба падтрымліваць у любых праявах”, – зазначыў суразмоўца.

    Як рэагуюць на навіну дзеячы культуры

    Беларусы, спрычыненыя да культуры, актыўна рэагуюць на навіну ў фэйсбуку, апелюючы да абвешнага 2016 году культуры. Нехта проста дзеліцца певедамленнем газеты, нехта піша, што “Газету “Культуру” збіраюцца закрыць”, і толькі лічаныя людзі спрабуюць разабрацца ў сітуацыі.

    “Год культуры, похоже, начинается с закрытия газеты «Культура». Символично”, – піша музычны менеджар, кіраўнік праекта Experty.by Дзмітрый Безкаравайны.

    “А гэта як? Дзяржаўная ўстанова выкідае на вуліцу дзяржаўныя выданні пра культуру ў год культуры?” – задаецца рытарычным пытаннем стваральнік “Арт-сядзібы” Павел Белавус.

    “Такой год культуры для «Культуры»…” – каротка каментуе падзею Ганна Чыстасердава, арт-дырэктар галерэі сучаснага мастацтва “Ў”.

    “Каждый день новость одна лучше другой. Так Год культуры останеися и без «Культуры» и без «Мастацтва»”, – піша Тарас Тарналіцкі, рэдактар газеты “Белорусы и рынок”.

    “А вот прекрасное в Год культуры: государственные (!) газету «Культура» и журнал «Мастацтва» выкидывают на улицу”, – абураецца Вадзім Мажэйка, культуролаг, эксперт па культуры «Ліберальнага клуба».

    “У меня в свете не только этого случая, а некоторых иных поступков и соответствующего министерства в том числе, возникает ощущение, что просто вышла опечатка, год следовало бы назвать «Год борьбы с культурой». Или это такой суицид культурный, самоликвидация? А и правда, на хрена она тут надо?” – дзеліцца навіной Аляксандр Вергуноў, актер Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага.

    ***

    Відавочна, газету “Культура” і часопіс “Мастацтва” ніхто не збіраецца закрываць, як пішуць перапалоханыя карыстальнікі фэйсбука. Спадзяемся, што ў калектыва выданняў хутка знойдуцца прымальныя варыянты для арэнды, яны пераедуць у новы будынак і працягнуць плённа працаваць на культурнай ніве. Не толькі ў год культуры. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці