• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пракуратуру просяць праверыць публікацыі «Вечернего Могилёва» на экстрэмізм

    8 лютага сябра Рады не зарэгістраванага ў Беларусі Праваабарончага цэнтра “Вясна” Таццяна Рэвяка накіравала зварот у пракуратуру г. Магілёва. Яна просіць правесці праверку па фактах публікацый на сайце www.vecherniy-mogilev.by матэрыялаў, якія, на яе думку,  змяшчаюць прыкметы экстрэмізму, – інфармуе сайт spring96.org.

    “Падставай для звароту сталі неаднаразовыя публікацыі пра «грамадзяніна Д.», у якіх факусуецца ўвага на прыналежнасці гэтай асобы да катэгорыі трансгендэраў і дазваляюцца выказванні ў пагардлівым тоне пра прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў у цэлым”, – піша праваабарончы рэсурс.

    У прыватнасці, Таццяна Рэвяка звяртае ўвагу на матэрыял пад загалоўкам «Мама, три дочки и… кавалер мамы. как живется детям?» і каментар, падпісаны «возмущенными жителями д. Макаренцы Могилевского района».

    Праваабаронца нагадвае, што выданне ўжо не ў першы раз публікуе звесткі аб «гражданине Д.», “факусуючыся на прыналежнасці гэтай асобы да катэгорыі трансгендэраў, дазваляючы сабе ў пагардлівым тоне выказвацца пра прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў у цэлым”.

    Раней той жа СМІ публікаваў артыкул «Впервые в истории Беларуси под стражу взяли транссексуала». Міністэрства інфармацыі па выніках праверкі тады ўказала ўладальніку сайта «Вечерний Могилев» на неабходнасць пільна кантраляваць змест публікацый. А за разгалошванне дадзеных пра героя публікацыі суддзю Магілёўскага раённага суда Станіславу Леўчанку зрабілі вымову.

    Год таму Камісія па этыцы ГА “БАЖ” таксама разглядала гэтую публікацыю па звароце групы журналістаў і прыйшла да высновы пра грубыя парушэнні журналісцкай этыкі ў артыкуле.

    Таццяна Рэвяка нагадвае: паводле беларускага заканадаўства, “экстрэмізм (экстрэмісцкая дзейнасць): дзейнасць арганізацый або грамадзян Рэспублікі Беларусь па планаванні, арганізацыі, падрыхтоўцы і здзяйсненні дзеянняў, накіраваных, у тым ліку, на прапаганду выключнасці, перавагі альбо непаўнавартаснасці грамадзян па прыкмеце іх адносін да рэлігіі, сацыяльнай, расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або моўнай прыналежнасці. Экстрэмісцкія матэрыялы — інфармацыйная прадукцыя, прызначаная для публічнага выкарыстання, публічнага распаўсюду альбо распаўсюду любым спосабам, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці, прапагандуе такую ​​дзейнасць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці