Шорт-ліст “Індэкса цэнзуры”: без “Народнай волі”, але з Беларускім свабодным тэатрам
9 лютага апублікаваны шорт-ліст конкурса “Свабода слова” міжнароднай арганізацыі “Індэкс цэнзуры” (Index on Censorship Freedom of Expression Awards).
Беларускай недзяржаўнай газеты “Народная воля”, якія фігуравала ў лонг-лісце намінацыі “Журналістыка”, сярод прэтэндэнтаў няма. Няма там таксама французскага часопіса “Charlie Hebdo” і азербайджанскай журналісткі Хадзіджы Ісмаілавай. Асноўныя прэтэндэнты на ўзнагароду – журналісты Zaina Erhaim (Сірыя), Mada Masr (Егіпет), Hamid Mir (Пакістан), Pravit Rojanaphruk (Таіланд) і Ferit Tunc (Турцыя).
Затое ў шорт-лісце намінацыі “Мастацтва” – Беларускі свабодны тэатр.
У сваім конкурсе “Свабода слова” арганізацыя “Індэкс цэнзуры” ўзнагароджвае людзей і праекты, якія ў небяспечных і складаных умовах змагаюцца за свабоду слова.
Няўрадавыя арганізацыі і медыяарганізацыі намінавалі на прэмію журналістаў і грамадскіх актывістаў, чыя сфера дзейнасці – свабода слова, у чатырох катэгорыях:
- Прававая абарона,
- Грамадзянская актыўнасць у галіне лічбавай журналістыкі,
- Журналістыка,
- Мастацтва.
Абвяшчэнне вынікаў і цырымонія ўзнагароджання запланаваныя на красавік.