Андрэя Бастунца запрасілі ў “Клуб рэдактараў”
18 лютага ў офіс ГА “БАЖ” патэлефанавалі прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, каб запрасіць старшыню арганізацыі Андрэя Бастунца на запіс праграмы “Клуб рэдактараў”. Запіс быў прызначаны на пятніцу, 19 лютага, на 13.00.
На жаль, Андрэй Бастунец цяпер знаходзіцца за мяжой і не мае магчымасці скарэктаваць свае планы так хутка.
Разам з тым, ён поўнасцю пацвярджае сваю гатовасць да ўдзелу ў праграме пасля вяртання ў Беларусь на наступным тыдні.
Нагадаем, што 12 лютага група журналістаў накіравала на адрас старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі ліст з просьбай прадставіць ім магчымасць выказацца ў “Клубе рэдактараў”. Ліст падпісалі галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, шэф-рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Дынько, шэф-рэдактар “Народнай Волі” Святлана Калінкіна, галоўны рэдактар інтэрнэт-газеты “Салідарнасць” Аляксандр Старыкевіч і старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.