Прэзентацыя на вясковым падворку: акрытая для сяброў і забароненая ўладамі (ФОТА)
Прэзентацыя кнігі “Маё мястэчка Луна – Воля” журналіста і блогера Лявона Карповіча прайшла ў вёсцы Лунна 2 ліпеня.
Імпрэзу давялося ладзіць на асабістым падворку спадара Лявона, бо дазволу на яе правядзенне ў публічным месцы мясцовыя ўлады так і не далі.
Паводле Лявона Карповіча, гэта тлумачыцца насцярожаным стаўленнем да яго з боку адміністрацыі. “Я першы ў Мастоўскім раёне ў 1989 годзе выйшаў афіцыйна з Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. Падаў заяву гучна, сход праводзілі. Я збіраў подпісы за Пазняка, у мяне канфіскоўвалі камп’ютар, праводзілі вобшукі. Таму за мной з таго часу ўвесь гэты “хвост” цягнецца… Таксама шмат залежыць ад начальства. Адно кіраўніцтва лаяльнае, іншае – нелаяльнае”.
Лявон Карповіч лічыць сваім суаўтарам журналіста і грамадскага дзеяча з Мастоў Язэпа Палубятку.
– Лічу, што ўскосна спрычыніўся да стварэння гэтай кнігі, – кажа сп. Палубятка. – У свой час выходзіла газета “Мастоўскі веснік”, якую я рэдагаваў. І спадар Лявон прадастаўляў мне артыкулы пра гэтае мястэчка. Матэрыял быў вельмі цікавы, і пакінуць яго па-за ўвагай я не меў права. Гэтая кніга – пра людзей, пра іх лёсы, пра іх пакуты, пра іх жыццё ў розныя часы і розныя эпохі. Калі такая выйдзе ў кожным населеным пункце з багатай гісторыяй – людзі не забудуцца на іх, нават калі яны знікнуць. Маю надзею, што кніга Лявона Карповіча будзе прыкладам іншым аўтарам, іншым даследчыкам нашай гісторыі.
Журналіст Лявон Карповіч працаваў над кнігай амаль 20 гадоў. Яна з’явілася дзякуючы ініцыятыве “Гарадзенская бібліятэка” і стала першай ў серыі “Краязнаўцы Беларусі”.
Тым часам Лявон Карповіч шукае спонсара на выданне чарговай кнігі пра біблейскія гісторыі на паштовых марках. Артыкулы на гэту тэму з’яўляюцца на гродзенскім сайце “Твой стыль” і на старонках krynica.info