Сто гадоў слонімскаму перыядычнаму друку: 1916 – 2016
Ад шчараўскай нямецкай жабы
Ніколі б не падумаў — першая газета ў Слоніме была надрукавана ў 1916 годзе на нямецкай мове і называлася… “Шчараўская жаба” (“Der Schara-Lurch”). Як варыянт — “Шчараўская амфібія”. Пад лагатыпам гэтага выдання значылася, што гэта “гумарыстычны часопіс шэрых палёў і зялёнай лістоты”.
79 найменняў
Зрабіць такое адкрыццё мне і іншым чытачам дапамаглі ў сваёй кнізе “Гісторыя перыядычнага друку Слонімшчыны 1916 – 2016” яе аўтары Сяргей Ёрш і Сяргей Чыгрын. Абазнаныя ў 100-гадовай гісторыі перыёдыкі роднага краю (абодва – ўраджэнцы Слонімшчыны), даследчыкі пад адной вокладкай узгадалі 35 назваў зарэгістраваных выданняў і 44 самвыдатаўскія перыёдыкі рознай тэматыкі, скіраванасці, ведамаснай і партыйнай прыналежнасці, якія пабачылі свет у горадзе над Шчарай на нямецкай, польскай, англійскай, яўрэйскай, рускай і беларускай мовах.
На беларускай мове, на жаль, ва ўсе часы перыёдыкі выдавалася няшмат. У наш жа час, адзначаюць аўтары, у дзяржаўнай раёнцы “Слонімскі веснік” беларускамоўныя матэрыялы амаль зусім адсутнічаюць, а ў незалежных “Газеце Слонімскай” і “Отдушине” большасць тэкстаў таксама выходзяць на рускай мове. З гэтых назіранняў пісьменнікаў, журналістаў і гісторыкаў Сяргея Чыгрына і Сяргея Ярша вымалёўваецца моўная сітуацыя ў СМІ не толькі на Слонімшчыне — так збольшага сёння піша і чытае ўся Беларусь. Сумна.
Першая спроба — не апошняя
Што да гісторыі, то нябедная, як бачым, гісторыя перыядычнага друку Слонімшчыны за апошнюю сотню гадоў. Асабліва калі ўлічыць, што кніга “Гісторыя перыядычнага друку Слонімшчыны 1916 – 2016” — толькі першая спроба яго даследавання.
“Рабілася гэта сцісла, без падрабязнага разгляду асобных выданняў”, — пішуць аўтары ў пасляслоўі да сваёй кнігі. Таму не мог не запытацца ў аднаго з іх, Сяргея Чыгрына, ці будзе працяг добраму пачынанню.
— Так, працы тут яшчэ шмат, і працяг абавязкова будзе. Мы над гэтай кнігай працавалі з Сяргеем Яршом 15 гадоў. Збіралі, апрацоўвалі і сістэматызавалі матэрыял. Часткова пра гісторыю тых ці іншых выданняў пісалі ў свой час у “Газеце Слонімскай”. А калі кнігу ўжо здалі ў друкарню — у архівах Польшчы знайшлося яшчэ 8 невядомых нам раней яўрэйскіх і польскіх газет, якія выходзілі ў Слоніме. Мяркую, і гэта не апошнія знаходкі… Былі б толькі сродкі ды здароўе, а кнігу “Гісторыя перыядычнага друку Слонімшчыны 1916 – 2016” з часам абавязкова дапоўнім і перавыдадзім, — запэўніў Сяргей Чыгрын.
Для ўсіх зацікаўленых паведамляю, што “Гісторыя перыядычнага друку Слонімшчыны 1916 – 2016” выйшла ў сталічным выдавецтве “Кнігазбор” і прадаецца ў краме “Акадэмічная кніга” ў Мінску і ў кнігарні на Першамайскай вуліцы ў Слоніме.