Незалежнага журналіста вінавацяць у незаконным апытанні грамадскай думкі
Старшы ўчастковы інспектар Лоеўскага РАУС Андрэй Хічоў склаў ужо пяты адміністрацыйны пратакол на гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага пасля затрымання ў райцэнтры 21 чэрвеня. Гэтым разам паводле артыкулу 9.28 КаАП – незаконнае правядзенне апытання грамадскай думкі і распаўсюд на тэлеканале “Белсат”.
Папярэднія тры пратаколы – абраза чыноўніц райвыканкаму, непадпарадкаванне і абраза першага намесніка начальніка міліцыі Генадзя Маджары – Лоеўскі раённы суд адправіў на дапрацоўку. На падставе чацвёртага, складзенага маёрам Хічовым па артыкулу 17.1 КаАП, суддзя Антаніна Музычэнка вынесла Жукоўскаму мінімальны штраф – тры базавых велічыні. Штраф гэты фрылансер аспрэчвае ў абласным судзе.
– Мы паказалі не толькі гаротны стан лоеўскіх прадпрыемстваў, але і распавялі, што міліцыянты ў Лоеве парушаюць правы фрылансераў, а таксама мясцовых жыхароў, замест таго, каб іх абараняць. Праўдападобна, цяпер міліцэйскія начальнікі не могуць супакоіцца – імкнуцца неяк нашкодзіць, – лічыць журналіст.
Затрыманне ў Лоеве мясцовымі міліцыянтамі гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Аляксея Атрошчанкі мела розгалас. Каб не даць зрабіць відэаздымкі камбіната будаўнічых матэрыялаў, разбірацца з фрылансерамі прыехалі спачатку намесніца старшыні райвыканкама па ідэалёгіі Наталля Кавурава і кіраўніца спраў Ірына Пастухова.
Яны выклікалі супрацоўнікаў ДАІ, а пасля да камбінату прымчаў на службовай аўтамашыне з двума афіцэрамі і сам начальнік РАУС Уладзімір Бухаўцоў. Фрылансераў даставілі у райаддзел міліцыі, дзе да Жукоўскага беспадстаўна ужывалі гвалт, нанеслі цялесныя пашкоджанні. З гэтай прычыны фрылансер напісаў заяву ў раённы аддзел Следчага камітэту, які да гэтага часу не завяршыў праверку.
Фота bankoboev.ru