БТ трапіла ў новы сьпіс акрэдытаваных у «ДНР» журналістаў ад «Міратворца»
Украінскі сайт «Міратворац» апублікаваў абноўлены сьпіс журналістаў, акрэдытаваных баевікамі «ДНР» у 2014–2016 гадах. Аўтары сайта таксама «папрасілі прабачэньня» за тое, што надрукаваная 10 траўня вэрсія сьпісу была «ня першай сьвежасьці».
Паводле дадзеных на люты 2016 году, сярод акрэдытаваных у «ДНР» — 2082 расейскія журналісты і 1816 журналістаў іншых краін.
«Міратворац» адзначае, што гэтыя зьвесткі публікуюцца згодна з украінскай Канстытуцыяй і законам «Аб інфармацыі».
«Пасьля публікацыі мы ўбачылі, якую грамадзкую цікавасьць і абмеркаваньні выклікаў апублікаваны сьпіс. Шмат хто з журналістаў патрабаваў ад нас выбачэньняў, і мы нарэшце зразумелі, чаму. З гэтай прычыны калектыў цэнтру прыносіць свае шчырыя выбачэньні, паколькі сьпіс сапраўды аказаўся ня першай сьвежасьці», — гаворыцца на сайце.
Сайт «Міратворац» апублікаваў сьпіс імёнаў украінскіх і замежных супрацоўнікаў СМІ, іх тэлефонныя нумары, электронную пошту і час знаходжаньня на акупаваных тэрыторыях.
Публікацыя выклікала абурэньне прадстаўнікоў журналісцкай супольнасьці, а таксама рознагалосьсі ў кіраўніцтве Міністэрства інфармацыйнай палітыкі.
Міністар унутраных спраў Арсен Авакаў у рэзкай манеры асудзіў саміх журналістаў за тое, што тыя акрэдытаваліся ў тэрарыстаў, і фактычна зьвязаў публікацыю сьпісу з публікацыяй у СМІ «паднаготнай афшораў і дэталяў пра сем’і расьсьледуемых пэрсанажаў».
Сярод акрэдытаваных значыцца Другі нацыянальны тэлеканал Беларусі (акрэдытацыя з 16 красавіка па 18 траўня 2015 году).
У базе дадзеных таксама былі беларусы — гэта фотакарэспандэнт Associated Press Сяргей Грыц і журналіст парталу Tut.by Павал Дабравольскі.
Беларускія журналісты спакойна паставіліся да публікацыі сайтам «Міратворац» пэрсанальных зьвестак пра журналістаў, якія мелі акрэдытацыю ў «ДНР» і «ЛНР».
Сайт «Міратворац» на мінулым тыдні абвясьціў пра закрыцьцё. Аднак 19 траўня заявіў пра аднаўленьне сваёй працы.
АБСЭ занепакоена бясьпекай акрэдытаваных у «ДНР» журналістаў