Дашук, Куціла, Лобач, Бажко: На «Лістападзе» пакажуць фільмы «Белсату»
Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» абвесціў праграму нацыянальнага конкурсу.
У беларускі конкурс 23-га ММКФ увайшлі 10 гульнявых, 5 анімацыйных і 9 дакументальных фільмаў. Сярод апошніх – стужкі, створаныя пры падтрыманні нашага тэлеканалу – «Крэўскі замак» Вольгі Дашук, «25» Андрэя Куцілы і «Друя» Іллі Бажко.
На фестывалі таксама пакажуць фільм «Беларускія песні: традыцыя адлегласці» звязанага з нашым каналам рэжысёра Арцёма Лобача — у праграме «Беларуская панарама» (па-за конкурсам).
Сёлета «Лістапад» пройдзе 4 – 11 лістапада. У конкурснай праграме, апроч беларускай секцыі, яшчэ чатыры: гульнявога і дакументальнага кіно, а таксама фільмаў для дзяцей і юнацтва.
Закрываць фестываль будзе апошні фільм Анджэя Вайды «Рэшткавыя вобразы», вылучаны Польшчай на атрыманне прэміі «Оскар». Паказ адбудзецца ў кінатэатры «Масква» 11 лістапада.
Фота: Кацярына Арціменя