Рэпартаж «Белсату» заваяваў галоўную узнагароду фестывалю Мастацтва факту (відэа)
Рэпартаж Антося Цялежнікава «Пэндзлі замест аўтаматаў» перамог на фестывалі ў польскім горадзе Торунь.
Рэпартаж прысвечаны пленэру, які беларускія мастакі правялі ў Песках пад Данецкам.
Падчас здымак у Песках Андрусь Такінданг, які паехаў на пленэр разам з мастакамі, напісаў песню «Страляюць». Яна стала саўндтрэкам да рэпартажу.
«Тарас Носар карэнны данечанін, нарадзіўся там, выкладаў у мастацкіх школах па-украінску, калі туды прыйшла вайна, вымушаны быў зʼехаць і знайсці сабе прытулак у Львове. У Данецку засталася майстэрня і большасць працаў, цяпер у гэтым памяшканні фонд дапамогі «Наваросіі». Для спадара Тараса гэта быў вельмі асабісты пленэр, ён з асаблівым смуткам маляваў краявіды з разбуранымі дамамі на яго роднай зямлі, а на даляглядзе – свой Данецк, які так блізка, і так далёка за лініяй фронту», – распавядае Антось Цялежнікаў пра тых, хто трапіў у кадр.
«Паехаць на пленэр – гэта быў, вядома, адважны чын з разуменнем пагрозы для жыцця, і тое, што адважылася паехаць столькі беларускіх мастакоў, шмат значыць.Ідэяй пленэру было ўшанаванне загінулых хлопцаў з Тактычнай групы «Беларусь» Алеся Чаркашына і Віталя Целяжэнкі, а таксама іншых абаронцаў суверэнітэту Украіны. Гэта было творчае пераасэнсаванне таго, што цяпер адбываецца ва ўкраінскім Данбасе. Мастакі на ўласныя вочы пабачылі, у якіх умовах жывуць і дзейнічаюць украінскія добраахвотнікі. Пабывалі на лініі фронту ў Песках, у месцах, дзе жылі хлопцы з Тактычнай групы «Беларусь», дзе пісаў свае песні Алесь Чаркашын, дзе паранены снарадамі і кулямі кожны кавалак зямлі і будынкаў. Вынікам сталася каля 50 палотнаў што напісалі шэсць беларускіх і адзін украінскі мастак. Гэтыя працы прэзентавалі ў амбасадзе Украіны ў Менску».
Другую ўзнагароду атрымала дакументальная стужка «Балтыйскі покер. У што гуляе Пуцін», якая паўстала ў супрацы з нашым тэлеканалам.
Галоўная гераіня фільму – Сандра Ужулэ-Фонс (Sandra Užule-Fons), журналістка з латышскімі ды польскімі каранямі. Яна вяртаецца ў краіну дзяцінства, каб даследаваць, наколькі моцныя там уплывы Расеі. Балтыйскія краіны застаюцца пад рэальнаю пагрозаю з боку Расеі – даказвае дакументальная стужка «Балтыйскі покер. У што гуляе Пуцін».
Фестываль Мастацтва факту праходзіць з 2013 году. На ім журы абірае найлепшыя тэлерэпартажы і дакументальныя стужкі году, зробленыя для польскіх тэлеканалаў. У 2016‑м на конкурс даслалі больш за 120 працаў.