Беларускі журналіст Паўлюк Быкоўскі атрымаў узнагароду падчас Russian Interactive Week
Беларускі журналіст і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі атрымаў прэмію "Dot-журналістыка" ў намінацыі "Чым жыве галіна".
Прэмія «DOT Журналістыка» была ўручаная падчас Russian Interactive Week.
Былі ўганараваныя лаўрэаты Чацвёртай штогадовай прэміі для журналістаў, якія пішуць аб даменах і іншых сістэмах адрасавання інтэрнэту «Dot-журналістыка». У гэтым годзе заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі каля 40 журналістаў, якія прадставілі на суд журы больш за 80 матэрыялаў: аналітычных артыкулаў, аглядаў, рэпартажаў і навінавых нататак. Сярод удзельнікаў буйныя федэральныя СМІ, галіновыя онлайн-выданні, рэгіянальныя і замежныя СМІ.
Беларускі журналіст і медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі атрымаў спецыяльны прыз ад Каардынацыйнага цэнтра даменаў .RU / .РФ і ад Расійскай асацыяцыі электронных камунікацый. Каардынацыйны цэнтр узнагародзіў журналіста Deutsche Welle Паўлюка Быкоўскага за асвятленне Першага беларускага форуму па кіраванні інтэрнэтам.
RIW (Russian Interactive Week) з’яўляецца буйной штогадовай выставачна-канферэнцыйнай падзеяй галіны высокіх тэхналогій у Расіі.
У рамках RIW удзельнікі знаёміліся з прадуктамі, паслугамі і новымі інтэрнэт-праектамі вядучых IT-кампаній і медыя-холдынгаў.
Праграма Форуму прадугледжвала 120 секцый, круглых сталоў і панэльных дыскусій, больш за 600 дакладчыкаў і больш за 4 500 прафесійных удзельнікаў.
ГА «БАЖ» віншуе Паўлюка Быкоўскага!