Бажаўцы Магілёўшчыны вучыліся арганізацыйнаму развіццю
У Магілёве адбыўся семінар-трэнінг “Устойлівая арганізацыя: чалавечы фактар і базавыя працоўныя працэсы. Інтэграваная арганізацыйная мадэль (ІАМ) як аснова жыццядзейнасці арганізацыі”.
Арганізатарам мерапрыемства выступіў Магілёўскі моладзевы цэнтр. Па запрашэнню яго кіраўніка Змітра Салаўёва ўдзел у семінары-трэнінгу прынялі сябры “Беларускай асацыяцыі журналістаў” з розных куткоў Магілёўшчыны.
Мадэратары трэнінгу Улад Вялічка і Вікторыя Калоша распавялі яго ўдзельнікам пра інтэграваную арганізацыйную мадэль, высветлілі разам што можа даць чалавек арганізацыі і што можа даць арганізацыя чалавеку.
Былі разгледжаны пытанні аб мэтавых групах і валанцёрах, як крыніцы чалавечых рэсурсаў для арганізацыі; лідарстве ў арганізацыі як фактары ўстойлівасці і доўгатэрміновасці; аб тым, што робіць арганізацыю камандай.
Таксама ўдзельнікі трэнінгу змаглі даведацца пра базавыя працэсы дзейнасці арганізацыі і арганізацыйную культуру, асновы ўстойлівасці арганізацыі: сістэму, структуру, стратэгію.
Удзельнікі семінару-трэнінгу выказалі меркаванне, што атрыманыя новыя веды дапамогуць ім зрабіць лепшай і больш арганізаванай працу ў сваіх грамадскіх арганізацыях.
Семінар-трэнінг адбыўся ў рамках праекта SPREAD II, пры падрымцы асацыяцыі агенцтваў мясцовай дэмакратыі (ALDA) у партнёрстве з АГА «Фонд ім. Льва Сапегі”.
Мерапрыемства прайшло ў магілёўскім грамадскім цэнтры “Кола”.