15 гадоў таму ўлады закрылі газету «Пагоня»
Паўтары дзесяцігоддзі таму Горадня засталася без галоўнага незалежнага выдання. 12-га лістапада 2001-га года Вышэйшы гаспадарчы суд вынес рашэнне спыніць выхад гарадзенскай газеты «Пагоня».
«Гэта была нармальная спланаваная акцыя па здушэнні незалежнай прэсы ў Беларусі, на пачатак гэтай акцыі абраная была газета «Пагоня», – кажа былы журналіст выдання Павал Мажэйка.
«Пагоню» абралі невыпадкова. Незалежнае рэгіянальнае выданне паспяхова існавала амаль дзесяць гадоў. Першы нумар выйшаў 25 сакавіка 1992-га года, у Дзень Волі. Выдаў яго пісьменнік і журналіст Сяргей Астраўцоў. Ужо з наступнага года газета пачала выходзіць штотыдзень.
«Пагоня» хутка набрала папулярнасць, і не толькі ў Горадні. Наклад газеты дасягаў ста тысячаў асобнікаў.
«Асноўнае чым адрознівалася пагоня ад іншых выданняў – што мы глядзелі на свет вачыма беларуса ў інтарэсах беларуса і дзеля беларуса. Фактычна гэта было такое медыя эгацэнтрабеларускае» – згадвае былы галоўны рэдактар «Пагоні» Мікола Маркевіч.
Выданне падтрымлівала Пазняка і крытыкавала Лукашэнку, першым апублікавала антыкарупцыйную справаздачу дэпутата Сяргея Антончыка і перадрукавала скандальнае выказванне Лукашэнкі пра Гітлера з нямецкай газеты «Handelsblatt».
«Мы мелі магчымасць выкарыстоўваць усе журналісцкія тэхналогіі якія былі на той час. Мы вельмі часта былі першымі ў падачы інфармацыі. Мы часта былі найбольш цікавымі, найбольш аператыўнымі, найбольш глыбокімі», – працягвае Мікола Маркевіч.
Такое выданне ў такія часы не магло мець лёгкага лёсу.
«Увесь час існавання газеты ўлада вяла бесперапынную неабвешчаную вайну. Былі гады калі ў нас было па 5–7 афіцыйных папярэджанняў з Міністэрства інфармацыі», – кажа Мікола Маркевіч.
У выніку ў 2001‑м газету закрылі за «паклёп на прэзідэнта».
Пасля закрыцця газеты Мікола Маркевіч беспаспяхова спрабаваў зарэгістраваць новае выданне. Улетку 2002-га года рэдактара «Пагоні» разам з журналістам Паўлам Мажэйкам прысудзілі да абмежавання волі, абвінаваціўшы ў абразе Лукашэнкі.
«Мы можам лічыць, што 2001 год, год закрыцця газеты «Пагоня», ёсць такім стартам для працэсу знішчэння незалежнага друку ў Беларусі», – кажа Павал Мажэйкі.
У 2002‑м годзе Беларусь займала 124‑е месца ў рэйтынгу свабоды медыяў, які штогод складае міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў». З таго часу нашая краіна з’ехала на 157-мае месца са 180-ці, дзе і трымаецца апошнія гады.