• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналісты «Белсата» пра сваю будучыню: краўдфандынг, працоўная эміграцыя, фрыланс

    На тэлеканале “Белсат” працуюць некалькі сотняў журналістаў, якія могуць з-за скарачэння бюджэту страціць сваю працу. Пра свой дальнейшы працоўны лёс паразважалі некалькі журналістаў тэлеканала.

    Для вядомага гродзенскага журналіста Паўла Мажэйкі тэлеканал стаўся “другім домам”.

    — Я не маю апошняй інфармацыі, таму не бачу патрэбы спекуляваць пра лёс “Белсату”. Важнасць першага незалежнага тэлебачання для грамадзянаў Беларусі за апошнія тыдні адзначылі ўсе, нават яго крытыкі і ворагі. Багата людзей у Беларусі, Польшчы, па ўсім свеце шмат зрабілі дзеля таго, каб канал застаўся. Што будзе далей з “Белсатам” вырашаецца, натуральна, у Варшаве. А пакуль “Белсат” жыве, і журналісты штодзённа робяць сваю работу.

     

    Журналіст і блогер Алесь Кіркевіч як фрылансер супрацоўнічае з тэлеканалам некалькі год:

    —  Безумоўна, у выпадку закрыцця каналу гэта будзе страта для ўсіх чальцоў каманды “Белсата”. Але фрылансерам прасцей у дадзеным выпадку, бо за плячыма заўжды ёсць пару рэдакцыяў, працу з якімі можна весці больш актыўна. То бок, калі прагматычна, то гэта будзе пытанне пра тое, як перафарматаваць сваю працу.

     

    Гомельская журналістка Ларыса Шчыракова не збіраецца мяняць прафесію, нават калі страціць працу на тэлеканале:

    — Застануся ў прафесіі, я ж сапраўдны фрылансер і маю яшчэ некалькі рэдакцый, з якімі супрацоўнічаю час ад часу.  Гэта такія рэдакцыі, як  «Гомельская вясна», «Сильные новости». Апроч відэасюжэтаў, я раблю фотарэпартажы, пішу тэксты… Думаю, што змагу прыдасцца не толькі тэлеканалу. Яшчэ адзін з варыянтаў маёй дзейнасці — буду спрабаваць шукаць сродкі пад журналісцкія расследаванні, як гэта зрабіла рэдакцыя “Нашай Нівы.

     

    Самы рэпрэсаваны за супрацу з «Белсатам» журналіст Кастусь Жукоўскі збіраецца ў выпадку закрыцця тэлеканала працягваць займацца грамадскай дзейнасцю і здымаць рэпартажы:

    — Ёсць свой невялічкі сайт: планую яго перафарматаваць. Ёсць ініцыятыва «Хопіць піць — трэба жыць» і кампанія«Нацыянальныя сімвалы у кожны дом», летнікі. Працы шмат — няма калі дыхаць! Буду шукаць магчымасці рабіць так, каб Беларусь стала беларускай! Магчыма, паспрабую знайсці працу за мяжой — актыўныя і неабыякавыя людзі патрэбныя паўсюль. Я хачу рэалізаваць сябе ў адпаведнасці са сваімі думкамі і перакананнямі. Галоўная місія чалавека на зямлі, на мой погляд, быць творцам, рэалізоўваць свае задумкі — жыць напоўніцу, грунтуючыся на Хрысцянскім падмурку. Менавіта таму я і стаў грамадскім актывістам, бо рэжым усе гэта рубіць на карню!

     

    Журналісты раяць не губляць надзеі і спадзяюцца, што у іх застанецца праца, а пакуль заклікаюць падпісваць петыцыю ў падтрымку тэлеканала.

    Фота Аляксандра Саенкі і Андрэя Мялешкі

    МЗС Польшчы пацвердзіла скарачэнне фінансавання тэлеканала «Белсат»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці