Новая кніга ад Бартосіка прэзентавана ў Гродне
Бард і журналіст "Радыё Свабода" Зміцер Бартосік прадставіў гродзенцам у Цэнтры гарадскога жыцця сваю новую кнігу. У кнізе, што выйшла ў бібліятэцы "Радыё Свабода", пад назваю “Быў у пана верабейка гаварышчы” сабрана выбранае з вандровак па Беларусі, якія Зміцер Бартосік ладзіць ужо шмат год.
— Я раблю перадачу “Падарожжы Свабоды” недзе з 2002 года. Напэўна, выйшла больш за 500 выпускаў. У кнігу ўвайшло 35 гэтых падарожжаў, аб’яднаных адной тэмай, — гэта самая крывавая эпоха 1939 – 1954 год.
— У кнігу увайшлі нейкія канкрэтныя мясціны з вашых падарожжаў?
— Там і Палессе — усходняе і заходняе, там многа міншчыны, там шмат віленшчыны, былога Віленскага ваяводства, там і нечаканыя для мяне падарожы — Усходняя Беларусь, прычым самая ўсходняя — былое Мсціслаўскае ваяводства, сённяшні Клімавіцкі раён.
— Як успрымаюць людзі кніжку на вашых прэзентацыях?
— А людзі смяюцца. Тут многа такіх момантаў гумарных. Я ў асноўным не зачытваю тое, дзе трагедыі ды драмы. У асноўным я чытаю тэксты, дзе ёсць жыццёвыя анекдоты. Таму людзі сядзяць адпачываюць і смяюцца. Гэтая кніжка як адпачынак.
— Што было самае запамінальнае з гэтых падарожжаў?
— Напрыклад, у раёне партызанскіх зон, акрамя подзвігаў, здзяйсняліся ваенныя злачынствы, не толькі рабаванні, але і забойствы. Людзі маўчалі пра гэта доўгія гады, і самае складанае ды цікавае — “раскруціць” чалавека на такую размову. Каб ён пачаў гаварыць, каб адкрыўся. Ёсць такі старэатып, што беларусы людзі закрытыя, перапалоханыя. Гэта старэатып, і ён не зусім праўдзівы. Калі ж чалавека ўдаецца выцягнуць на шчырую размову, мне вельмі радасна з гэтага.
Напрыканцы сустрэчы Бартосік пераўвасобіўся ў барда і выканаў некалькі песень, у тым ліку гістарычную песню пад назвай “Гародня” .
Фота Аляксандра Саенкі