СТВ скрала ў «Газеты Слонімскай» відэаролік і выпусціла ў эфір (ВІДЭА)
Без спасылкі на крыніцу інфармацыі і дазволу рэдакцыі рэгіянальнай “Газеты Слонімскай” сталічныя тэлевізійшчыкі выпусцілі у эфір ролік пра бусла, які пасяліўся на даху царквы.
Фота-відэанарыс пра бусла, які пасяліўся на даху царквы Свята-Благавешчанскага жаночага манастыра ў Слоніме, пад загалоўкам “Бусел абжыўся на даху праваслаўнага храма” быў апублікаваны на сайце gs.by 19 чэрвеня.
А ўжо 21 чэрвеня ў чарговым выпуску праграмы “Навіны 24 гадзіны” у 16–30 на СТВ паказалі як свой відэаролік “Газеты Слонімскай” пад загалоўкам “Семья аистов свила гнездо на крыше монастыря в Гродненской области” і сваім аўдыясуправаджэннем.
Так без спасылкі на крыніцу інфармацыі і дазволу рэдакцыі рэгіянальнай “Газеты Слонімскай” сталічныя тэлевізійшчыкі прысвоілі гэты відэаролік.
— Калі так робяць некаторыя мясцовыя дзеячы ў сацыяльных сетках — гэта адзін маштаб. Але калі так дзейнічаюць сталічныя тэлевізійшчыкі — тое ўспрымаецца ўжо, як ігнараванне аўтарскіх правоў у маштабе краіны, — распавялі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» ў рэдакцыі выдання.
Галоўны рэдактар і выдавец “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук паведаміў ГА «БАЖ», што пакуль не прыняў рашэнне, ці звяртацца з нагоды сітуацыі ў суд.