Бясплатны Wi-Fi запушчаны на вакзалах Беларускай чыгункі
Па заказе БЧ кампанія МТС разгарнула зоны Wi-Fi на ўсіх 19 чыгуначных вакзалах Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-цэнтры БЧ.
Сумесны маштабны праект прызначаны пашырыць спіс дадатковых сэрвісаў для пасажыраў, павысіць турыстычную прывабнасць Беларусі. У цэлым у залах чакання і холах, а таксама ў пакоях адпачынку ў Мінску і Брэсце ўстаноўлены 103 кропкі доступу.
Тэхналогія тэсціравалася больш за два тыдні. За гэты час звыш 17 тыс. чалавек скарысталіся Wi-Fi на вакзалах. Пакуль найбольш актыўна такой магчымасцю карыстаюцца ў Мінску, Гомелі і Віцебску. Скарыстацца сэрвісам можна пасля пацвярджэння асобы. Карыстальніку неабходна ўвесці нумар мабільнага тэлефона ў спецыяльнае поле, пасля чаго ён атрымае СМС з паролем для ўваходу ў сетку.
Аўтарызацыя дзейнічае на працягу 24 гадзін. Як адзначылі ў кампаніі МТС, праект з Беларускай чыгункай — адзін з самых маштабных і знакавых для аператара. Бясплатны Wi-Fi даступны на вакзалах у Мінску, Брэсце, Баранавічах, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Жлобіне, Калінкавічах, Крычаве, Лідзе, Лунінцы, Маладзечне, Оршы, Асіповічах, Полацку і Пінску.