• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Магілёўскую журналістку пакаралі штрафам у памеры дваццаць базавых велічынь за сюжэт пра дабрачыннасць

    Суддзя суда Кастрычніцкага раёна горада Магілёва Наталля Ясенка 7 верасня вынесла пастанову аб пакаранні штрафам у памеры 20 базавых велічынь (460 рублёў) журналісткі-фрылансера Аліны Скрэбуновай. Дзяўчына была пакараная штрафам згодна ч. 2 арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (незаконны выраб прадукцыі СМІ) за супрацу з тэлеканалам “Белсат”.

    Падчас пасяджэння 7 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва былі заслуханыя два сведкі – старшыня Магілёўскага таварыства аховы жывёл “Добрае сэрца” Святлана Ярмоленкава і ўчастковы інспектар Кастрычніцкага РАУС Уладзімір Шчэрбакоў. Менавіта Шчэрбакоў склаў у адносінах Скрэбуновай пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за апублікаваны на сайце тэлеканала “Белсат” матэрыял пра дабрачынны суботнік у гадавальніку для бяздомных сабак.

    Святлана Ярмоленкава распавяла пра тое, што яна даўно ведае Аліну Скрэбунову, як чалавека, які заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу таварыству аховы жывел і які прымаў удзел у яго акцыях. Разам з тым Ярмоленкава пацвердзіла, што Скрэбунова сапраўды брала ў яе інтэрв’ю, якое яна потым убачыла ў сюжэце на тэлеканале “Белсат”.

    “Я ніколі не бачыла і не бачу нічога супрацьзаконнага у здымках сюжэта”, — адзначыла Святлана Ярмоленкава.

    Падчас апытання Святланы Ярмоленкавай высветлілася, што участковы інспектар Шчэрбакоў выклікаў яе ў апорны пункт разам з іншай сведкай  Карэннай на падставе таго, што нібыта жыхары навакольных дамоў скардзяцца на шум ад сабак. Ужо на месцы Шчэрбакоў сказаў, што насамрэч  выклікаў іх з‑за рэпартажу Скрэбуновай, каб правесці апытанне.

    Пазней падчас сваіх сведчанняў у судзе ўчастковы прызнаўся, што сапраўды выклікаў актывістак таварыства жывел “пад добрапрыстойнай падставай”.

    Таксама Шчэрбакоў не адмаўляў той факт, што фактычна ён праводзіў апытанне дзвюх сведак — Ярмоленкавай і Карэннай — адначасова ў адным памяшканні, што забаронена ПВКаАП. Пры апазнанні сведкам было прадэманстравана толькі адно фота Аліны Скрэбуновай, а не фота мінімум трох чалавек.

    Суддзя Ясенка не прыняла да ўвагі довады Аліны Скрэбуновай, што паказанні сведак былі здабытыя з парушэннем і не могуць быць асновай для абвінавачвання. Таксама яна адхіліла хадайніцтва журналісткі аб выкліку ў суд Насты Ільіной, якая пазначана на тэлеканале “Белсат” у якасці аўтара сюжэта пра дабрачыннасць, матываваўшы гэта тым, што невядомыя яе кантактныя дадзеныя і месца жыхарства.

    Пасля гадзіны перапынку суддзя Ясенка зачытала кароткае рашэнне аб пакаранні Алін Скрэбуновай штрафам у памеры дваццаць базавых велічынь, не аргументаваўшы яго ніякім чынам.

    Па словах Аліны Скрэбуновай, яна абавязкова будзе абскарджваць рашэнне суда Кастрычніцкага раёна Магілёва.

    “Нішто не казала пра тое, што мяне могуць пакараць штрафам. Я лічу, што міліцыя не сабрала ніякіх доказаў, справа развальвалася на любым этапе. Гэта проста палітычны заказ, калі суддзя была проста вымушана прысудзіць мне гэты штраф. Я звязваю гэта ўсё з ціскам на «Белсат»”, —  адзначыла журналістка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці