Каментатар БТ Дзмітрыеў: Мне сапраўды падалося, што гэта сцяжок «Арсенала», а не наш гістарычны бел-чырвона-белы
Падчас гульні групавога этапа Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ і «Арсеналам» на поле выбег фанат з бел-чырвона-белым сцягам у байцы з Пагоняй. У трансляцыю матча гэты эпізод не ўвайшоў, аднак адзін з каментатараў — Аляксандр Дзмітрыеў — звярнуў увагу на дадзены момант.
Каментатар сказаў, што на поле выбег фанат «Арсенала», які «махае сцяжком». Чаму людзі, якія працавалі ў эфіры «Беларусь‑2» на гэтым матчы не звярнулі ўвагу на выпадак з бчб-сцягам?
«Бо далёка і не вельмі добра можна разгледзець, што адбываецца на полі», — сказаў «НН» Аляксандр Дзмітрыеў, размаўляў ён на добрай беларускай мове.
На заўвагу, што карэспандэнты «НН» знаходзіліся прыкладна на тым самым месцы, але добра разгледзелі, што нёс у руках хлопец, Дзмітрыеў адрэагаваў так:
«Паслухайце, не трэба шукаць штосьці, там, дзе яго няма, добра? Насамрэч я бачыў сцяг у белых і чырвоных колерах, таму палічыў, што гэта сцяг фанатаў «Арсенала» [колеры лонданскай каманды белыя і чырвоныя — «НН»], а не хлопец з Пагоняй і нашым гістарычным сцягам».
А выяву Пагоні на байцы таксама не разгледзелі?
«Я не магу дакладна ўсё бачыць з такой дыстанцыі. Сцяг «Арсенала» я магу назваць «сцяжком». Што тычыцца бчб, то шмат людзей ведаюць маё стаўленне да бел-чырвона-белага сцяга і Пагоні. Тут не можа быць ніякай размовы. Мае сябры — гэта Генадзь Кеснер, Ігар Карней [вядомыя журналісты недзяржаўных медыя — «НН»]».
Чаму эпізод цалкам замаўчаў другі каментатар Аляксандр Цвячкоўскі?
«Мы працуем у дзяржаўнай установе, таму вы самі ўсё цудоўна разумееце», — адказаў Дзмітрыеў.