За асвятленне візіту Святланы Алексіевіч у Капаткевічы будуць судзіць журналістку Шчыракову
Гомельскую журналістку Ларысу Шчыракову 5 кастрычніка выклікаюць у Петрыкаўскі раённы суд па абвінавачанні ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ — нібыта за працу без акрэдытацыі для польскага тэлеканала “Белсат”.
Гэтым разам за асвятленне візіту Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч ў Капаткевіцкую сярэднюю школу (Петрыкаўскі раён), якую яна скончыла ў 1965 годзе і наведала сёлета ў жніўні.
– Я была шакаваная, калі мне патэлефанавала сакратарка суда і паведаміла пра разгляд адміністрацыйнай справы. Ніхто з тамтэйшай міліцыі мяне не выклікаў і нават не папярэджваў, што складаецца адміністрацыйны пратакол. Зроблена ўсё цішком. Хутка, відаць, і на суд перастануць выклікаць – адразу будуць дасылаць пастановы пра штрафы, – кажа Ларыса Шчыракова.
Журналістка лічыць, што яе адмыслова пераследуюць спецслужбы, каб выжыць з прафесіі. Досыць пільна ставяцца яны і да ўсіх іншых фрылансераў, чые відэаздымкі трапляюць на спадарожнікавы тэлеканал “Белсат” – улады не жадаюць, каб альтэрнатыўныя “карцінкі” пра беларускую рэчаіснасць даходзілі да масавага гледача.
Сёлета Ларысу Шчыракову ўжо пяць разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за сюжэты на “Белсаце” і нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Агульная сума штрафаў журналістцы перавысіла 3,2 тысячы рублёў.
А ўсяго незалежных журналістаў каралі ў судах Гомельскай вобласці за супрацоўніцтва з “Белсатам” два дзясяткі разоў: Кастусь Жукоўскі агулам аштрафаваны на 7705 рублёў, Яўген Меркіс і Андрэй Толчын — на 2530 рублёў кожны.
Таксама: