• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У белсатаўцаў канфіскуюць дарагое прафесійнае абсталяванне

    Такое рашэнне прыняла суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Анастасія Папко ў справе аб аўтарскім праве на гандлёвы знак «Белсат».

    Журналіста Аляксандра Баразенку прызналі вынаватым у парушэнні аўтарскага права на гандлёвы знак «Белсат». Яго аштрафавалі на 40 базавых велічынь (920 рублёў), таксама прызначаная канфіскацыя тэхнікі, якую забралі ў самога Баразенкі і на офісах тэлеканала.

    Нагадаем, пасля затрымання яшчэ ў сакавіку 2017 года Аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі склаў на Баразенку пратакол па артыкуле 9.21 КаАП Беларусі. Баразенку дапытвалі ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна, дзе журналіст адбываў 15-суткавы арышт, паралельна з чым наляпілі на яго відэатэхніку самаробныя налепкі з лагатыпам тэлеканала «Белсат» і забралі яе да рашэння суда.

    Таксама 31 сакавіка ў офісах тэлеканала прайшлі ператрусы, міліцыя ў межах гэтай жа справы па аўтарскім праве забрала тэхніку з двух памяшканняў, а таксама асабістую тэхніку яшчэ аднаго журналіста — Аляксандра Любенчука. Журналісты «Белсата» называюць справу відавочнай правакацыяй з мэтай адабраць тэхніку, а таксама аказаць ціск на тэлеканал і супрацоўнікаў.

    У жніўні суд ужо разглядаў дадзеную справу.

    Тады ў судзе выступіў аўтар міліцэйскага пратакола Уладзіслаў Падрэз, а таксама шэраг сведкаў, якія пацвердзілі словы журналіста пра адсутнасць маркіроўкі «Белсат» на тэхніцы.

    З‑за наяўнасці вялікай колькасці парушэнняў суддзя Дзмітрый Цыкал тады адправіў пратакол у міліцыю на дапрацоўку. Пратакол дапрацавалі і зноў вярнулі ў суд, дзе і адбудзецца працэс.

    10 кастрычніка 2017 года суд Першамайскага раёна Мінска працягнуў разгляд справы і вынес вердыкт.

    У судзе Аляксандр Баразенка паўтарыў ранейшыя паказанні, што ён супрацоўнічае з інфармацыйным агенцтвам News Infor­ma­c­je, якое ў сваю чаргу супрацоўнічае з «Белсатам». Баразенка падкрэсліў, што ўся тэхніка, забраная ў яго ў Дзень Волі 25 сакавіка, не ўводзілася ў грамадзянскі абарот тавараў — не прадавалася і не здавалася. Тэхніка выкарыстоўвалася выключна для асабістай працы.

    Наконт тэхнікі, забранай у офісах «Белсата», Бразенка патлумачыў, што тэхніка яму не належыць, але ён сапраўды карыстаўся ёй ў асабістай працы, калі рыхтаваў інфармацыйныя матэрыялы.

    «Аднак ніякіх паслуг па перадачы чужога кантэнту, кантэнту з таварным знакам «Белсат», я не аказваў. Толькі рыхтаваў уласныя матэрыялы,» — падкрэсліў Аляксандр.

    У судзе таксама апыталі спецыяліста — Аляксандра Грыбло, дырэктара дырэкцыі тэхнічнага развіцця Белтэлерадыёкампаніі, дзе ён працуе з 1994 года.

    Эксперт заявіў, што абсталяванне, якое забралі ў Баразенкі — кропка доступа ў інтэрнэт — гэта спецыяльны тэрмінал для перадачы інфармацыі. Такое прыстасаванне выкарыстоўваецца ўсімі тэлекампаніямі Еўропы. Прыкладны кошт такога абсталявання — 25 тысяч еўра.

    Аляксандр Грыбло паведаміў, што такое абсталяванне маглі набыць толькі тэлекампаніі. У прыватнай асобы абсталяванне магло апынуцца толькі па дамове з тэлекампаніяй.

    З матэрыялаў справы вынікае, што адрэсы офісаў «Белсата» ў Мінску паведаміў у міліцыю Аляксандр Белякоў — чалавек, які ў Беларусі валодае правам на гандлёвы знак «Белсат». Ён заявіў у міліцыю, што яму вядома, што ў дадзеных памяшканнях парушаюцца яго правы.

    Таксама ў матэрыялах справы ёсць інфармацыя ад правайдэра «Деловая сеть» пра аб’ёмы і змест і дадзеных, якія адпраўляліся з офіса «Белсата» ў Мінску.

    Справа вакол таварнага знаку «Белсат» цягнецца амаль пяць гадоў. Паводле ўладальніка фірмы «БЕЛСАТплюс»  тэлеканал парушае інтарэсы ягонага бізнесу. Прадпрымальнік звярнуўся ў Вярхоўны суд, але ён не задаволіў ягоныя патрабаванні.

    Тады ўласнік фірмы «БЕЛСАТплюс» намагаўся забараніць тэлеканалу выкарыстоўваць таварны знак «Белсат ТВ» («Bel­sat TV»). Але Вярхоўны Суд палічыў патрабаванні неабгрунтаванымі.

    Паўторны разгляд справы ініцыяваў прэзідыум Вярхоўнага суду, а справу разглядаў іншы склад суддзяў. 4 верасня 2014 году суд задаволіў пазоў Андрэя Белякова і забараніў тэлеканалу выкарыстоўваць гандлёвы знак «Белсат ТВ» пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі ды на інтэрнэт-старонцы.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці