Зварот ГА «БАЖ» перанакіравалі ў мінінфарм — для магчымага выкарыстання пры ўдасканаленні заканадаўства
Адміністрацыя Прэзідэнта адказала на зварот ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адносна пераследу журналістаў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.
Журналісцкае аб’яднанне прасіла Адміністрацыю паспрыяць спыненню пераследу журналістаў.
У адказе за подпісам начальніка Галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзянаў і юрыдычных асоб Рыгора Шлыка паведамляецца, што зварот ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” накіраваны ў Міністэрства інфармацыі для прапрацоўкі і выкарыстання ў рабоце па ўдасканаленні заканадаўства ў сферы масавай інфармацыі.
Нагадаем, два гады таму Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з беларускімі журналістамі паабяцаў разабрацца ў сітуацыі з пераследам грамадзянаў за працу на замежныя СМІ без акрэдытацыі МЗС.
Тады хваля пераследу журналістаў за супрацоўніцтва з “Белсатам”, “Беларускім Радыё Рацыя” і “Deutsche Welle” спынілася. Аднак сёлета яна аднавілася з новай сілай — на сённяшні дзень ужо 45 раз журналістаў штрафавалі за працу без акрэдытацыі.
Разам з тым ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” настойвае тым, што прыцягваць журналістаў да адказнасці па гэтым артыкуле неправамерна нават паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Канстытуцыя ж Беларусі наогул гарантуе кожнаму грамадзяніну права збіраць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю.