• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Гродна прывезлі “Памяць пра Курапаты” — выставу пра тысячы забітых

    Экспазіцыю ў Гродна прывезлі прадстаўнікі ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» —  журналіст, сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Марат Гаравы і мастак Генадзь Драздоў з суполкі „Пагоня” Беларускага саюза мастакоў.

    На выставе прадстаўленыя фотаздымкі і артыкулы, планы і карціны, архіўныя матэрыялы і дакументы, якія распавядаюць пра розныя бакі Курапатаў.

    “Гэта выстава для таго, каб памяць жыла — кажа Павел Мажэйка, журналіст і дырэктар “Цэнтра гарадскога жыцця”. — Курапаты — фактычна тое месца, якое аб’яднала нас усіх адной простай рэччу. Быў рэжым, была ўлада, якая проста забівала людзей у імя Савецкага Саюза, у імя таго, каб жыла камуністычная ідэя”.

    Для журналіста і гісторыка Марата Гаравога выстава, якую яны прывезлі ў Гродна вельмі знакавая:

    “У ініцыятыву «Эксперты ў абарону Курапатаў», якая займалася ў тым ліку і гэтай выставай,   увайшлі прафесіяналы, людзі якім баляць Курапаты і якія цікавяцца Курапатамі, якія могуць зрабіць грунтоўны ўнёсак у справу абароны, ушанавання гэтага знака бяды беларускага народа. Гэта — гісторыкі, журналісты, мовазнаўцы, мастакі, скульптары, інжынеры, архітэктары, архіёлагі і гэтак далей. Прафесіяналы ў сваіх сферах дзейнасці. Сярод журналістаў гэта такія вядомыя імёны, як Галіна Абакунчык з “Радыё Свабода”, Генадзь Барбарыч з “Беларускага Радыё Рацыя”, Паўліна і Андрэй Скурко, Святлана Кліменценка з “Народнай Волі”.

    Нашыя асноўныя накірункі дзейнасці — гэта суды ў абарону Курапатаў супраць тых дзяржаўных структур, якія дазвалялі дзялкам забудоўваць тэрыторыю ахоўнай зоны вакол Курапатаў.

    Гэтыя працэсы мы завяршаем на нацыянальным узроўні, а затым пяройдзем на міжнародны. Другое — гэта стварэнне ў Курапатах вакол народнага мемарыяла мастацкага абрамлення, якое адпавядае сучасным уяўленням пра мемарыял такога ўзроўню. Таму мы праводзім міжнародны адкрыты творчы конкурс “Курапаты — народны мемарыял” пад дэвізам “Праз Курапаты да пакаяння”. І трэці напрамак — папулярызацыя, бо ў нас мала ведаюць пра гісторыю Курапатаў, іх абарону і гэтак далей. Таму мы і стварылі гэтую выставу”.

    Гродзенская экспазіцыя — гэта першы выезд выставы па-за межы Мінска, дзе выстава была ўжо паказана чатыры разы. Пасля Гродна выставу павязуць яшчэ ў 13 гарадоў Беларусі.

    Выстава “Праўда пра Курапаты” дзейнічае ў гродзенскім “Цэнтры гарадскога жыцця”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці