Журналістаў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына зноў судзяць за супрацу з «Белсатам» ВІДЭА
Сёння а 16-й у Калінкавічах (Гомельская вобласць) адбудзецца чарговы адміністратыўны працэс над журналістамі Кастусём Жукоўскім і Андрэем Толчыным.
Журналістаў вінавацяць у парушэнні заканадаўства аб СМІ (ч.2 арт. 22.9 КаАП) у выглядзе супрацы з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі МЗС. Падставай для складання пратаколаў стаў сюжэт «Аб’ектыву» пра закрыццё школы ў вёскі Каплічы Калінавіцкага раёну.
Кастусь Жукоўскі кажа, што ўжо нават не памятае дакладна, які па ліку гэта будзе суд для яго – толькі ў гэтым годзе на яго было складзена каля 20 пратаколаў, адбылося больш за 10 судоў.
«Улада ў краіне не належыць народу і законы якія есць – не дзейнічаюць. Мяне пераследуюць менавіта за тое што я карыстаюся артыкулам Канстытуцыі, які гарантуе збор і распаўсюд інфармацыі. Колькасць судоў і пратаколаў у адносінах да мяне і тых людзей з якімі я працую на сённяшні дзень дасягнула мусіць пад 100 (за 5 год) Гэта мэтанакіраваны пераслед за тое, што я рэалізую свае грамадзянскія правы і не маўчу. Працую там, дзе есць бяда чалавечая і парушэнне закона самімі дзяржслужычымі – гэта адзнака маёй працы! Банда дакіравалася да такой ступені што журналісты даюць больш прыбытку чым буйныя прадпрыемствы!», – адзначыў Жукоўскі ў інтэрв’ю belsat.eu.
Нагадаем, паводле артыкулу пра незаконны выраб прадукцыі медыяў і працы без акрэдытацыі толькі за гэты год журналісты «Белсату» заплацілі дзяржаве прыблізна $ 14 000. Таксама нашых калег асудзілі на дзясяткі содняў адміністратыўных арыштаў.