• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вярхоўны суд не задаволіў скаргу журналістаў, якіх жорстка затрымалі супрацоўнікі міліцыі

    Незалежныя журналісты з Брэста, сябры ГА “БАЖ” Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава атрымалі адказ з Вярхоўнага суда Беларусі на сваю скаргу, якая тычылася падзей 18 сакавіка ў Кобрыне. Тады журналістаў затрымалі пасля асвятлення мясцовай акцыі супраць дэкрэта “аб дармаедах”.

    Пасля той акцыі Алеся Ляўчука і Мілану Харытонаву міліцыянты затрымалі з ужываннем сілы , сапсавалі тэхніку. Таксама на журналістаў-фрылансераў склалі два пратаколы — за “парушэнне заканадаўства аб СМІ” (артыкул 22.9 КаАП) і “непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў” (артыкул 23.4 КаАП).

    На падставе гэтых пратаколаў суддзя Кобрынскага раённага суда Вадзім Здановіч пакараў Алеся Ляўчука штрафам у памеры 60 базавых велічынь, а Мілану Харытонаву — штрафам у памеры 25 базавых велічынь. Такім чынам, агулам брэсцкія журналісты мусілі сплаціць 1 955 рублёў (больш чым 1 000 долараў у эквіваленце).

    Сваё затрыманне і прысуд сябры ГА “БАЖ” абскарджвалі не толькі ў Брэсцкім абласным судзе, але таксама звярталіся ў Міністэрства ўнутраных спраў, Следчы камітэт, пракуратуру розных узроўняў. У адказ журналісты атрымлівалі альбо адпіскі, альбо адмовы вышэйшых судовых устаноў адмяніць рашэнне суда Кобрынскага раёна.

    Як паведаміў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Алесь Ляўчук, на гэтым тыдні ён атрымаў афіцыйны адказ з Вярхоўнага суда РБ, з якога вынікае, што і гэта ўстанова не знайшла парушэнняў падчас разгляду справы журналістаў.

    “Такім чынам, мы з Міланай прайшлі ўсе судовыя інстанцыі ў Беларусі, намагаючыся абскардзіць дзеянні праваахоўных структур, — кажа Алесь Ляўчук. — У нас не было ілюзій наконт высноваў Вярхоўнага суда. Проста мы вырашылі прайсці ўсе магчымыя інстанцыі, каб пераканацца на ўласным прыкладзе, што ў краіне не выконваюцца правы чалавека, а журналістаў могуць схапіць, збіць, сапсаваць тэхніку, а потым яшчэ і судзіць”.

    Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава маюць намер звярнуцца са сваімі скаргамі ў Камітэт па правах чалавека ААН, і спадзяюцца, што гэта будзе мець плён.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці