Журналістка-фрылансерка Таццяна Смоткіна: Міліцыянты сказалі, што мы робім добрую справу для грамадства
Таццяна Смоткіна і Зміцер Лупач сустрэліся з міліцыянтамі з Докшыцкага РАУС, каб даць тлумачэнні паводле адміністрацыйнай справы за “парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”. Таццяна Смоткіна адзначыла карэктнасць работнікаў РАУСа, а таксама, што даўно не сутыкалася з такім добрым стаўленнем супрацоўнікаў сілавых ведамстваў да журналістаў недзяржаўных медыя.
— Такіх ветлівых і, як мне падалося, сапраўды шчырых міліцыянтаў я не бачыла. Яны дзесяць разоў выбачыліся, што так атрымліваецца, сказалі, што мы робім добрую справу і пажадалі не сустракацца пры такіх умовах, — расказала Таццяна.
Смоткіна і Лупач спаслаліся на 27 артыкул Канстытуцыі і заявілі, што не будуць супраць сябе сведчыць.
Міліцыянты прапанавалі перанакіраваць справу ў Глыбоцкі суд, але Дзмітрый Лупач сказаў, што ў Докшыцкім судзе ў яго яшчэ не было разбіральніцтваў, таму хай справа застаецца там.
У якасці сведак па справе апытвалі грамадскага актывіста Кастуся Шыталя, а таксама начальніцу чыгуначнай станцыі Галіну Лакуцэвіч.
Супрацоўнікі Докшыцкага РАУСа таксама сказалі, што Шыталь і журналісты робяць добрую справу для людзей.
Нагадаем, Докшыцкі РАУС распачаў адміністрацыйныя справы супраць Таццяны Смоткінай і Змітра Лупача паводле артыкула 22.9 “Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі”. Журналістаў хочуць пакараць за матэрыялы, якія выйшлі на “Радыё Рацыя” і тэлеканале “Белсат”. У іх распавядалася пра тое, як мясцовы грамадскі актывіст Кастусь Шыталь збіраў подпісы за стварэнне прыпынку цягніка Мінск — Полацк на станцыі Параф’янава. У выніку гэты прыпанак Беларуская чыгунка арганізавала. Справа атрымала шмат станоўчых водгукаў ад мясцовых жыхароў, ды актыўна абмяркоўвалася ў беларускім інтэрнэце.