Аляксандр Тамковіч прадставіў сваю кнігу “Мазаіка жыцця” пра знакамітых людзей Беларусі (шмат фота)
У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Аляксандра Тамковіча “Мазаіка жыцця” пра знакамітых людзей Беларусі. Гэта 24 (!) кніга аўтарства спадара Тамковіча. Прадмову напісаў праваабаронца і пісьменнік Алесь Бяляцкі.
У кнізе распавядаецца пра лёсы Святланы Алексіевіч, Алены Анісім, Алеся Аркуша, Змітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча, Наталлі Гардзіенкі, Адама Глобуса, Ірыны Дубянецкай, Максіма Жбанкова, Віктара Марціновіча, Алеся Пашкевіча, Андрэя Хадановіча, Алеся Пушкіна і многіх іншых.
«Мазаіка жыцця» — гэта працяг «Найноўшай гісторыі ў асобах», дзе сабраныя біяграфічныя аповеды ста выдатных дзеячаў неафіцыйнай беларускай гісторыі апошніх дзесяцігоддзяў.
Аповеды праілюстраваныя ўнікальнымі фота (звыш за 400) з сямейных альбомаў герояў.
Прэзентацыю вяла Заслужаная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
Адзін з герояў кнігі, мастак Алесь Пушкін, падчас імпрэзы са словамі «гэтыя рукі пішуць нашую эпоху» зрабіў падарунак Тамковічу — яго партрэт.
Вядомы журналіст Аляксандр Уліцёнак заўважыў, што сёння з’ёсць новыя запыты на веды па гісторыі. Традыцыйны падыход, калі інфармацыя вымяралася вялікімі статыстычнмі масівамі, цяпер непапулярны. «У грамадстве з’явіўся новы код, якой жа мусіць быць гісторыя, як сябе адчуць беларусам. Гэта час, калі гісторыя краіны падаецца ў звязку з гісторыяй асобнага чалавека. Важны лёс канкрэтнай асобы,» — сказаў Уліцёнак.
Практычна ўсе нарысы з кнігі былі апублікаваныя ў газеце «Новы час». Намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч адначасова з’яўляецца кіраўніком культурна-асветніцкага праекта «Літаратурная Беларусь» пры штотыднёвіку «Новы час».
Алесь Пашкевіч заўважыў, што старажытная беларуская літаратура пачыналася з хронік, радаводаў, летапісаў.
«Я хачу засведчыць, што Аляксандр Леанідавіч працуе не толькі на ніве журналістыкі, але і на ніве літаратуры. Беларуская літаратура распрацавала самавіты, адметны на еўрапейскай прасторы жанр — біяграфічную прозу, прозу галасоў. Першыя класічныя тэксты гэтага жанра — кніга Алеся Адамовіча, Уладзіміра Калесніка, Янкі Брыля «Я з вогненнай вёскі». Святлана Алексіевіч — прадаўжальніца гэтага шляху. І яе кнігі сведчаць, што беларуская літаратура з раманам-біяграфіяй дайшла да Нобеля. Я перакананы, што Аляксандр Тамковіч працягвае гэты шлях сваімі кнігамі», — падкрэсліў Пашкевіч.
Уладзімір Някляеў згадаў, што сёння, 19 снежня, чарговая гадавіна Плошчы, калі ўладамі была жорстка разагнаная маніфестацыя:
«Я спадзяюся ўсё ж напісаць кнігу пра час, у якім мы жывём. Пра народ, з якім мы жывём. І 19 снежня 2010 года — гэта была не параза, а перамога, бо на Плошчы былі тысячы і тысячы свабодных сыноў і дачок сваёй Айчыны. Калі пішаш літатурны твор, бывае цяжка выпісаць характары, каб яны былі непадобнымі, яскравымі. І ў кнігах Тамковіча — галерэя гатовых вобразаў. Нехта аднойчы скарыстае гэта для прыгожага мастацкага твора».
Гісторык Наталля Гардзіенка адзначыла важнасць фіксаваць характары і асобаў у гісторыі:
«Гэтыя кнігі — чалавечае вымярэнне гісторыі, магчымасць пазнаёміцца з чалавекам, адчуць яго. Уявіце, калі б былі такія кнігі з удзельнікамі «Маладняка» ці «Узвышша» (літаратурна-мастацкія аб’яднанні ў Беларусі ў 1920-ыя гады — рэд.), наколькі б інакш мы ўспрымалі сёння той час. Я радая, што біяграфічных кніг становіцца больш».
Тамковіч: Выдавец раптам сышоў і яму хапіла нахабства патрабаваць аплаты за нявыкананую работу