Супрацоўнікі МНС выратавалі жыццё вядомаму журналісту Вадзіму Казначэеву
Вечарам 7 студзеня адбыўся пажар на праспекце Незалежнасці ў Мінску. У 20:47 пажарныя атрымалі выклік ад суседзяў аб узгаранні, ужо 21:09 пажар быў ліквідаваны.
Гарэла кватэра вядомага журналіста і публіцыста Вадзіма Казначэева. Яму 53 гады, у розны час Вадзім супрацоўнічаў з шматлікімі беларускімі і замежнымі выданнямі.
Казначэева знайшлі беспрытомнага на падлозе на кухні. Яго даставілі ў бальніцу з дыягназам «цяжкая тэрмаінгаляцыйная траўма, апёк дыхальных шляхоў, атручванне прадуктамі гарэння».
У офісе АГП, сябрам якой з’яўляецца Вадзім, нам паведамілі, што спачатку Казначэеў знаходзіўся ў рэанімацыі апёкавага аддзялення бальніцы хуткай дапамогі, аднак у другой палове дня яго планавалі перавесці проста ў аддзялення. Журналіст у прытомнасці.
«Нам сказалі, што пагрозы жыццю няма. Цяпер яму можна адносіць сокі, ваду без газа, супы, пюрэ», — сказала прэс-сакратар АГП Ганна Красуліна.
МНС паведамляе, што прычыны ўзгарання даследуюцца. Адна з версій — неасцярожнасць пацярпелага пры курэнні.
Калегі збіраюць грошы на рэабілітацыю і падтрымку Вадзіма Казначэева, які доўгі час цяпер не зможа працаваць. Перадаць сродкі можна Барысу Гарэцкаму ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў (вул.Кальварыйская 16 офіс 265) альбо ў офіс Аб’яднанай грамадзянскай партыі (вул.В.Харужай 22 офіс 1701).