Вольга Чайчыц і Андрэй Козел падалі скаргу ў найвышэйшую судовую інстанцыю краіны
Фрылансеры будуць змагацца за свае правы. За мінулы год працоўны тандэм за супрацу з «Белсатам» атрымаў штрафаў на суму 8556 рублёў. Журналісты патрабуюць прыбраць з нарматыўных актаў неадпаведнасці Канстытуцыі.
«Канстытуцыя дае мне права на збор і распаўсюд інфармацыі. У судах нашых я не магу даказаць, што права ў мяне такое ёсць. І таму мы вырашылі звярнуцца ў Канстытуцыйны суд», – кажа Вольга Чайчыц.
«Заўсёды трэба спрабаваць, калі нават задача перад табой стаіць немагчымая, трэба спрабаваць – магчыма, атрымаецца», – кажа аператар Андрусь Козел.
Здымаць перадачу звароту ў Канстытуцыйным судзе журналістам забаранілі, што з’яўляецца парушэннем беларускага заканадаўства. Пацверджання прыняцця дакументу Вольга і Андрусь таксама не атрымалі.
Не атрымалася сёння давесці незаконнасць рашэння Савецкага суда сталіцы іншым журналістам – Любові Лунёвай і Змітру Краўчуку. Суддзя Менскага гарадскога суда Валер Камісараў праігнараваў супярэчнасці ў сведчаннях міліцыянтаў і пакінуў пакаранне ў сіле. Журналістаў вінавацілі ў стварэнні сюжэту, які ніколі не выходзіў у эфір.