БАЖ паўторна просіць міністра інфармацыі прадаставіць праект зменаў у Закон аб СМІ — на першы зварот адказ так і не прыйшоў
На папярэдні зварот Беларускай асацыяцыі журналістаў, дасланы Аляксандру Карлюкевічу чатыры месяцы, таму арганізацыя так і не атрымала адказу.
Беларуская асацыяцыя журналістаў паўторна звярнулася да міністра інфармацыі Беларусі Аляксандра Карлюкевіча з просьбай прадаставіць для абмеркавання ў журналісцкай супольнасці праект зменаў у Закон аб СМІ.
Пра падрыхтоўку зменаў адпаведнага закона стала вядома яшчэ ў верасні мінулага года. ГА “БАЖ” адразу звярнулася да новага міністра з просьбай азнаёміцца і абмеркаваць магчымыя змены, а таксама ўключыць прадстаўніка журналісцкай арганізацыі ў склад працоўнай групы па падрыхтоўцы дакумента.
Аднак адказ на афіцыйны зварот арганізацыя так і не атрымала.
5 лютага на выніковай калегіі Мінінфарма зноў было агучана, што створана міжведамасная група па выпрацоўцы зменаў у Закон аб СМІ і звязаных з гэтым дапаўненняў і змяненняў у Падатковы кодэкс, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.
У адпаведнасці з палажэннем, Міністэрства інфармацыі ў межах сваёй кампетэнцыі распрацоўвае праекты законаў, рашэнняў Прэзідэнта і Савета Міністраў; супрацоўнічае з грамадскімі аб’яднаннямі і іншымі арганізацыямі па пытаннях, звязаных з распаўсюдам масавай інфармацыі, ажыццяўленнем выдавецкай, паліграфічнай дзейнасці, дзейнасці па распаўсюдзе друкаваных выданняў і прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.
У сувязі з гэтым БАЖ, які з’яўляецца адной з найбольш масавых журналісцкіх арганізацый Беларусі, у чарговы раз просіць:
1. Уключыць прадстаўніка ГА “БАЖ” у склад міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы зменаў у закон “Аб сродках масавай інфармацыі”;
2. Прадаставіць ГА “БАЖ” праект зменаў у закон “Аб сродках масавай інфармацыі”.
Паўторны зварот накіраваны ў Міністэрства інфармацыі заказным лістом з паведамленнем аб атрыманні.