• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вадзім Заміроўскі правёў майстар-клас па фотажурналістыцы ў Слоніме

    У рэдакцыю “Газеты Слонімскай 15 лютага завітаў са сталіцы вядомы беларускі фатограф і, трэнер па фотажурналістыцы  Вадзім Заміроўскі.

    — Я не бяруся за паўдня навучыць вас тут рабіць класныя рэпартажы, але падрабязней пазнаёмлю з вашымі фотаапаратамі, мы пагутарым пра тое, што і калі варта здымаць, разбярэм найбольш характэрныя памылкі ў падачы фотаматэрыялу на вашым сайце (gs.by — рэд.), а напрыканцы папрактыкуемся ў апрацоўцы фотаздымкаў і падрыхтоўцы іх да друку, — паабяцаў Вадзім слонімскім журналістам у пачатку размовы.

    На сталах перад кожным удзельнікам майстар-класа ляжаў яго рабочы фотаапарат. У асноўным, гэта былі люстэркавыя Canon ды Nicon. Аднак сустракаліся і простыя лічбавыя мыльніцы, якія, як зазначыў спадар Заміроўскі, збольшага ўжо не актуальныя, але часам і іх можна выкарыстоўваць.

    За паўдня стасункаў са знаным фатографам, удзельнікі майстар-класа ў Слоніме даведаліся больш пра тое, як, што, у якім святле, пры якой вытрымцы ды ў якім фокусе лепш фатаграфаваць той, ці іншы аб’ект, пачулі пра больш актуальную сёння для рэпартажнай журналістыкі праграму апрацоўкі здымкаў, чым фоташоп.

    Парадавала, што пры разборы фотарэпартажаў на сайце “Газеты Слонімскай”, прагучала не толькі крытыка з боку сталічнага госця.

    —Ну вось тут здымак дакладна ў тэму. Класна! — пахваліў Вадзім Заміроўскі фотаздымак Мікіты Пастухова з мерапрыемства воінаў-афганцаў у той дзень.

    —У фотарэпартажы вялікая колькасць здымкаў — не галоўнае. Галоўнае — паказаць чалавека, расказаць гісторыю, каб гэта было зразумела і без слоў, — навучаў Заміроўскі.

    Напрыканцы сустрэчы галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук выказаў фотамайстру пажаданне, што добра было б, каб пры нагодзе слонімскія журналісты папрацавалі як-небудзь разам з ім “у полі”. Вадзім Заміроўскі зазначыў, што гэта добрая ідэя, бо фотамайстэрства, як і ўсякае іншае, можна набыць толькі на практыцы.

    Як кажуць, век жыві век вучыся.     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці