Зварот рэдактара “Борисовских новостей” да кіраўніка Барысаўскага раёна застаўся без разгляду па сутнасці
Галоўны рэдактар недзяржаўнага тыднёвіка “Борисовские новости” Анатоль Букас звярнуўся да новага кіраўніка мясцовай вертыкалі Генадзя Дзенгалёва (прызначаны на пасаду ў верасні 2017 г.) з просьбай дапамагчы вырашыць канфліктную сітуацыю, якая склалася вакол праблемы заключэння дамоваў на распаўсюд выдання з гарадскімі гандлёвымі аб’ектамі.
У прыватнасці, Анатоль Букас паскардзіўся на супрацьдзеянне з боку ідэалагічнага аддзела райвыканкама. У звароце да Г. Дзенгалёва галоўны рэдактар нагадаў пра словы Аляксандра Лукашэнкі, прамоўленыя падчас сустрэчы з Іосіфам Сярэдзіча роўна год таму, у лютым 2017-га: “Можаш адкрыта сказаць сваім калегам, што больш яе (праблемы з распаўсюдам) не будзе”.
Букас таксама ўказаў на факты, калі журналістаў “Борисовских новостей” не дапускалі на грамадскія мерапрыемствы, не падпісвалі асартыментны пералік на продаж газеты індывідуальным прадпрымальнікам, блакавалі прадстаўленне інфармацыі.
Адказ на зварот Анатоля Букаса дала намесніца старшыні Барысаўскага райвыканкама Марына Булойчык. (Згодна з інфармацыяй размешчанай на сайце выканаўчага камітэта яна курыруе сацыяльна-культурную сферу, ідэалагічную, грамадска-палітычную дзейнасць арганізацый Барысаўскага рэгіёна, дзяржаўную інфармацыйную палітыку, друк і іншыя пытанні.)
Ліст чыноўніцы ўтрымлівае шэраг спасылак на нормы дзейнага заканадаўства, такія як свабода ў заключэнні грамадзянскіх дагавораў, распрацоўка і зацвярджэнне асартыментнага пераліку тавараў, правы і абавязкі журналістаў, права звяртацца ў суд у выпадку парушэння правоў. “У выпадку нязгоды з дадзеным адказам Вы маеце права звярнуцца ў Мінскі абласны выканаўчы камітэт”, — заканчвае афіцыйны адказ на зварот рэдактара М. Булойчык.
Адказ на зварот атрыманы, але ж праблемы недзяржаўнай газеты не вырашаны.