• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Пра Пятрухіна і Кабанава з’явіўся “выкрывальніцкі” youtube-канал “Антиблохер”

    Папулярнасць “народных рэпарцёраў” Сяргея Пятрухіна з Брэста і Аляксандра Кабанава з Бярозы перарасла звыклую цікавасць як збоку гледачоў, так і праваахоўных органаў. Супраць блогераў “невядомыя” пачалі ствараць “выкрывальніцкія” відэаролікі і публікаваць іх на адмысловым youtube-канале “Антиблохер”.

    “Антиблохеры” не толькі крытыкуюць і абвяргаюць факты з сюжэтаў Пятрухіна і Кабанава. Больш увагі надаецца ім самім. Тут вам і аповед пра “няўжыўчывага ў калектыве і сям’і”, “аматара алкагольных напояў” Сяргея Пятрухіна і “праўда” пра прыхільніка “легалізацыі і вырошчвання ў Беларусі марыхуаны” Аляксандра Кабанава.

    “Народныя рэпарцёры” ўпэўненыя, прычынай з’яўлення “Антиблохера” сталі іх расследаванні з нагоды будаўніцтва пад Брэстам акумулятарнага завода “АйПаўэр”. Хаця такога крэатыву ў барацьбе з імі актывісты не чакалі.

    Аляксандр Кабанаў: “На мой погляд, яны разумеюць, што любыя супрацьпраўныя дзеянні, скіраваныя супраць нас, спрацуюць супраць іх саміх ― тых жа сілавых структур. Я ўпэўнены, што нас і далей будуць затрымліваць, будуць і суды, але ім патрэбная больш рэальная і аб’ектыўная карцінка. Летась у мяне быў суд, мяне затрымалі а 7‑й раніцы за тое, што я нібыта матам лаяўся і прыставаў да мінакоў. І я гэты суд выйграў. Проста я ўбачыў машыну на вуліцы і зразумеў, што мяне будуць затрымліваць. Занёс знаёмаму відэакамеру і папрасіў здымаць з вакна ўсё. Калі мяне затрымалі і я пачытаў паказанні міліцыянтаў у пратаколе, то адразу папярэдзіў пра запіс, на якім бачна, што я не лаяўся матам і не да каго не чапляўся. У выніку міліцыянеры так давалі паказанні ў судзе, што я яго выйграў”.

    Аўтары “расследаванняў” “Антиблохера” ананімныя ― твараў у кадры не бачна, галасы змененыя. Хто гэта ўсё робіць, дакладна не вядома.

    “Фільмы іх слабенькія, і рэпутацыю нашу яны такімі стужкамі не папсуюць”, ― з усмешкай кажа Сяргей Пятрухін. Што ж да выкладзеных там фактаў, то, дадае Аляксандр Кабанаў, яны на іх увагі не звяртаюць.

    Аляксандр Кабанаў: “Калі б такія факты існавалі на самой справе, то намі б займаліся не нейкія блогерскія каналы, а пракуратура і міліцыя. Я кажу пра тыя нібыта факты “наркотыкаў” ці таго, што мы там некага на грошы кідаем ― гэтым бы ўжо займаліся органы”.

    Што праўда, органы маюць прэтэнзіі да блогераў. Так, 21 лютага пракуратура Брэста вынесла афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах Сяргею Пятрухіну. А напярэдадні падобнае папярэджанне атрымаў і Аляксандр Кабанаў.

    “Я баюся за іншае, што можа ў дачыненні да нас распачацца беззаконне… Гэта страшна, але ў мяне ёсць сын, яму 5 гадоў, і я пра яго будучыню думаю ― я не хачу, каб ён рос побач з заводам, які будзе шкодзіць яго здароўю”, — распавядае Пятрухін.

    Але аўтары “Антиблохера” сцвярджаюць, што шкоднасць акумулятарнага завода Пятрухін і Кабанаў перабольшваюць. А то і падманваюць людзей ў гэтым выпадку. Хто мае рацыю?

    Сяргей Пятрухін: “Мы можам памыляцца ў дробязях, але не прынцыпова. Бо маем шмат фактаў. Асабліва добра наша праўда бачная ў відэа пра Ваўкавыск, дзе з намі размаўляюць лекары, супрацоўнікі санэпідэмстанцыі, намеснік старшыні ваўкавыскага райвыканкама. Адна справа, калі нешта кажуць перапалоханыя людзі, і зусім іншае, калі чыноўнікі называюць гэтую будоўлю рэальным злом”.

    Падаваць у суд на аўтараў “Антиблохера” Пятрухін і Кабанаў не збіраюцца. А вось свой сюжэт пра іх, кажуць, абавязкова зробяць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці