Суд у Светлагорску закрыў адміністрацыйныя справы супраць гомельскіх журналістаў-фрылансераў
Суддзя Светлагорскага раённага суда Руслан Царук 2 сакавіка закрыў адміністрацыйныя справы гомельскіх журналістаў-фрылансераў Кастуся Жукоўскага і Андрэя Толчына.
Міліцыя хацела прыцягнуць журналіста да адказнасці паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (парушэнне закона аб СМІ) — за асвятленне на “Белсаце” экалагічнай сітуацыі ў вёсцы Якімава Слабада.
Адміністрацыйны пераслед суд спыніў, паколькі скончыўся двухмесячны тэрмін, цягам якога парушальнікаў можна прыцягваць да адказнасці.
“Гэтаму можа быць некалькі тлумачэнняў, — лічыць Андрэй Толчын. — Па-першае, меў месца недагляд уладных структур. Але найбольш верагодна, што ўлады вырашылі нас не штрафаваць, каб не падымаць новую хвалю пратэсту вакол пабудаванага завода беленай сульфатнай цэлюлозы, які забружвае паветра ўдушлівым смуродам у вёсцы Якімава Слабада, а таксама у самім Светлагорску”.
У суд падтрымаць журналістаў-фрылансераў сапраўды прыехалі некаторыя вяскоўцы. Яны ўдзячныя медыям за асвятленне экалагічнай сітуацыі вакол новага завода, пабудаванага летась кітайцамі на базе Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната.
Відэасюжэт пад назвай «“Людзі тут вымруць, як мухі”. Удзельнікамі стыхійных сходаў пад Светлагорскам занялася міліцыя» быў паказаны на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” 30 снежня 2017 года. Гэта і паслужыла падставай для складання адміністрацыйных пратаколаў супраць журналістаў-фрылансераў нібыта за незаконны выраб прадукцыі СМІ для польскага тэлеканала “Белсат”, хоць свае відэаматэрыялы яны размяшчаюць у адкрытым доступе на старонцы ў YouTube.
Дарэчы, пра рознае стаўленне ўладаў да мясцовых праблемных сітуацый сведчыць і суд Калінкавіцкага раёна, які адбыўся 28 лютага ў дачыненні фрылансера Толчына — за падрыхтоўку відэасюжэта пра актывістку вёскі Каплічы Розу Стрэльчанка, якая змагаецца за аднаўленне вясковай школы. Суддзя Святлана Кугейка на падставе міліцэйскага пратакола аштрафавала Андрэя Толчына на 40 базавых велічынь — 980 рублёў.
Пратакол супраць Жукоўскага міліцыя не складала, бо вяскоўцы “не пазналі” яго на фотаздымку, які паказваў ім участковы інспектар.