Аршанскія журналісты сталі суаўтарамі кнігі пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій
Кніга, якая толькі што выйшла ў свет, называецца “Расстраляныя ў Оршы”. Новае выданне было прэзентаванае днямі падчас круглага стала, прысвечанага мемарыялізацыі мясцін масавых расстрэлаў.
Такіх жалобных месцаў пад Оршай вядома прынамсі два. Адно з іх — Харкаўскі лес, які пачынаецца адразу за горадам — вядомае толькі паводле ўспамінаў старажылаў. Іх збіралі многія аршанскія журналісты і актывісты, зацікаўленыя ў тым, каб з часам памяць бязвінных ахвяраў была ўшанаваная належным чынам.
Найбольш вядомае месца масавах расстрэлаў — гэта ўрочышча Кабыляцкая гара, якое знаходзіцца на гарадской ускраіне. Яшчэ ў 1982 годзе падчас будаўнічых работ тут знайшлі невядомае пахаванне: з зямлі даставалі чалавечыя косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі. Адмысловая камісія прызнала, што гэта парэшткі ахвяраў сталінізму, расстраляных напрыканцы 1930‑х.
У часы перабудовы такую інфармацыю было абнародаваць прасцей чым зараз. І першыя звесткі пра страшную знаходку былі апублікаваныя ў газеце “Ленінскі прызыў”. Следам у аршанскай “раёнцы” пачалі з’яўляцца матэрыялы даследчыка і журналіста Юрыя Копціка, які паспеў апытаць сведкаў тых падзеяў або іхніх нашчадкаў.
Артыкулы ў мясцовай і рэспубліканскай прэсе, прысвечаныя тэме сталінскіх рэпрэсій у Оршы, увайшлі ў кнігу асобным блокам. Значную частку склалі ўспаміны аршанцаў пра сталінскія расстрэлы, запісаныя валанцёрамі.
Кніга складзеная такім чынам, што яе можна папаўняць новымі звесткамі — па меры іх з’яўлення, кажа журналістка і пісьменніца, сябра ГА “БАЖ” Паліна Сцепаненка:
“Мы пастараліся сістэматызаваць усе вядомыя сёння факты пра пахаванні на Кабыляцкай гары — ад гісторыі першых страшных знаходак да публічных абяцанняў мясцовых уладаў ушанаваць гэтае месца ўсталяваннем помніка. У газетных архівах мы нават знайшлі эскізы тых помнікаў, якія так і не былі ўсталяваныя! Таксама мы сістэматызавалі артыкулы, якія з’яўляліся ў друку да сярэдзіны 1990‑х, пакуль тэму сталінскіх рэпрэсій не пачалі замоўчваць. Вялікая частка кнігі — гэта ўспаміны, зафіксаваныя нашымі збіральнікамі, а таксама гісторыя прыватных даследаванняў — пошукаў, здзейсненых сваякамі забітых, якія хочуць ведаць праўду пра сваіх продкаў. Мы мяркуем, што і ўспаміны, і гісторыі сем’яў, што страцілі сваякоў, будуць яшчэ дадавацца. І пазней можна будзе выдаць больш грунтоўную кнігу”.
Пакуль да перавыдання яшчэ далёка, акумуляваць звесткі пра аршанскіх ахвяраў сталінскіх рэпрэсій гатовыя мясцовы незалежны інтэрнет-рэсур orsha.eu, гаворыць заснавальнік і рэдактар сайта Ігар Казмерчак:
“Яшчэ некалькі год таму мы абвясцілі, што збіраем жыццёвыя гісторыі пра сем’і рэпрэсаваных. Асабліва актыўна людзі пачалі адгукацца апошнім часам, і мы вырашылі стварыць на сайце адмысловы раздзел. Мы перадрукуем апублікаваныя раней у газетным фармаце краязнаўчыя матэрыялы Юрыя Копціка, даўняга даследчыка «расстрэльных» месцаў пад Оршай. І вынікі пошукавай працы аршанцаў, якія даведваліся пра лёс сваіх расстраляных сваякоў у архівах КДБ”.
З часам матэрыялы, сабраныя на сайце, папоўняць новае выданне кнігі «Расстраляныя ў Оршы».