Брэсцкі журналіст просіць прыцягнуць да адказнасці міліцыянта за падробку пратакола
Сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алесь Ляўчук накіраваў скаргу ў Брэсцкі абласны суд, бо нязгодны з рашэннем суда першай інстанцыі, які пакараў яго штрафам за супрацоўніцтва з “Белсатам”.
Алесь Ляўчук нагадвае, што суддзя Маскоўскага раёна Брэста Раман Карабан аштрафаваў яго паводле артыкула 22.9 КаАП (парушэнне закона аб СМІ). Судовае пасяджэнне адбывалася без удзелу журналіста.
Справа ў тым, што першапачаткова прызначаны суд не адбыўся з‑за неахайна складзенага ўчастковым міліцыянтам Раманам Трафімуком адміністратыўнага пратакола. Пра перанос справы на іншы дзень брэсцкі журналіст даведаўся з sms-паведамлення, якое Алесь Ляўчук атрымаў за 14 хвілін да пачатку судовага слухання.
Але, як высветлілася пазней, падчас гэтага суда быў прадстаўлены іншы пратакол, дзе, у прыватнасці, няма тлумачэнняў самога Ляўчука. Затое пазначана, што журналіст нібыта адмовіўся падпісваць пратакол.
“Гэта не толькі хлусня, але сапраўдная падробка дакумента з боку супрацоўніка міліцыі, — кажа Алесь Ляўчук. — Таму я прашу ў сваёй скарзе ў абласны суд адмяніць рашэнне суда Маскоўскага раёна і прыцягнуць да адказнасці міліцыянта, які парушыў закон”.