“Не падпарадкаваўся супрацоўнікам міліцыі”. У Брэсце завялі новую справу на блогера Сяргея Пятрухіна
Працэс пачаўся ў судзе Ленінскага раёна Брэста 26 сакавіка, куды блогера даставілі з ізалятара часовага ўтрымання мясцовага РАУС. Затрымалі Пятрухіна яшчэ 23 сакавіка.
Сяргею Пятрухіну было прад’яўленае абвінавачванне ў правапарушэнні паводле артыкула 23.4 КаАП (“непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў”).
Адразу пасля пачатку судовага слухання ён заявіў хадайніцтва аб прадастаўленні адваката, у выніку пасяджэнне суда перанесенае на раніцу 29 сакавіка.
Як распавёў блогер, затрымлівалі яго людзі ў цывільным, а потым да іх далучыліся супрацоўнікі міліцыі ў форме.
“Я прасіў іх прадставіцца, але ніхто сябе не назваў, — кажа Сяргей Пятрухін. — Мне сталі тлумачыць, што я нібыта быў п’яны, размахваў рукамі, пасля чаго сілай запіхнулі ў міліцэйскую машыну”.
На думку Пятрухіна, яго наўмысна абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі, каб пазбавіць магчымасці 25 сакавіка асвятляць мерапрыемствы па святкаванні 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці БНР у Брэсце, а таксама традыцыйную нядзельную акцыю пратэсту мясцовых жыхароў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.