• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Ганцавіцкі час” пазбаўляюць магчымасці распаўсюду праз гандлёвую сетку “Еўраопт”

    Рэдакцыя недзяржаўнай рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час” атрымала ліст за подпісам намесніка дырэктара філіяла ТАА “Еўрагандаль” у Брэсце Е. Дробыш, дзе паведамляецца, што кампанія будзе скарачаць рэалізацыю друкаваных выданняў у рознічнай сетцы.

    Ганцавіцкі час

    Паводле гэтага ліста, рэалізацыя друкаваных выданняў будзе адбывацца ў крамах, пачынаючы з фармату “супермаркет”. Такім чынам, продаж газет будзе спынены ў дзвюх крамах “Еўраопт”, якія знаходзяцца ў Ганцавічах, “у адпаведнасці з распрацаванымі і зацверджанымі асартыментнымі пералікамі”.    

    Галоўны рэдактар “Ганцавіцкага часу” Пётр Гузаеўскі здзіўлены такім падыходам з боку прадстаўнікоў гандлёвай сеткі.

    “У свой час менавіта наша выданне шмат што рабіла, каб дамагчыся ў раёне развіцця канкурэнцыі ў гандлёвай сферы, бо гэтаму заміналі дзеянні мясцовай улады, — распавёў службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Пётр Гузаеўскі. — Тады мы ладзілі апытанні сярод сваіх чытачоў, рыхтавалі іншыя журналісцкія матэрыялы, і гэта паспрыяла таму, каб у Ганцавічах нарэшце з’явіліся крамы буйных гандлёвых сетак”. 

    Пётр Гузаеўскі заўважае, што праз гандлёвую сетку “Еўраопт” распаўсюджваецца невялікая колькасць асобнікаў газеты, а ўмовы супрацоўніцтва не з’яўляюцца для выдання цалкам прымальнымі. “Аднак вельмі сумна, атрымаць зараз такую “падзяку” ад прадстаўнікоў бізнесу, якому дапамаглі пачаць сваю працу ў нашым рэгіёне”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці